BE RU EN

Spiegel: Расея прыцягнула неанацыстаў да вайны ва Украіне

  • 22.05.2022, 14:37

Нямецкая разведка пацвердзіла іх удзел у баявых дзеяннях.

Расейскія войскі падчас уварванняў ва Украіну прыцягнулі неанацысцкія групоўкі. Нямецкая разведка пацвярджае ўдзел у баявых дзеяннях як мінімум некалькіх з іх.

Пра гэта паведамляе Spiegel.

Паведамляецца, што на мінулым тыдні Федэральная выведвальная служба (BND) Нямеччыны разаслала міністэрствам канфідэнцыйную справаздачу, у якой гаворыцца, што многія расейскія правыя экстрэмісты і неанацысты бяруць удзел ва ўварванні ва Украіну.

Паводле звестак разведкі, як мінімум дзве неанацысцкія групоўкі «Расейская імперская ліга» і «Русіч» ваююць супраць украінскага войска.

«Супрацоўніцтва з гэтымі групоўкамі даводзіць меркаваную прычыну вайны, так званую «дэнацыфікацыю» Украіны, да абсурду», – пішуць аналітыкі нямецкай службы знешняй разведкі.

Spiegel адзначаюць, што ў дакуменце няма звестак пра колькасць неанацыстаў у шэрагах расейскага войска. Акрамя таго, у баявых дзеяннях удзельнічае «Расейскі імперскі легіён» - ваенізаванае падраздзяленне правай экстрэмісцкай групоўкі «Расейскія імперскія рухі», што раней ужо ваявала на Данбасе. Сваёй мэтай яно называе «ліквідацыю сепаратысцкага ўтварэння Украіна».

Таксама паведамляецца, што «Расейскі імперскі легіён» набіраў байцоў з вайсковым досведам, але невядома дакладна, ці было гэтае рашэнне прынятае на просьбу кіраўніцтва Расеі. Аднак пацвярджаецца тое, што ў баях ва Украіне быў паранены верхавод групоўкі Дзяніс Гарыеў.

Магчымыя кантакты з ПВК «Вагнера»

Нямецкая разведка адзначае, што ў баях задзейнічана і групоўка «Русіч» неанацыста Аляксея Мільчакова. Яе звязваюць з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнера», яна дыслакавалася на Данбасе ў 2014 і 2015 гадах.

Групоўка «Русіч» вядома асаблівай жорсткасцю, яе ўдзельнікі не бяруць палонных. Яе заснавальнік Мільчакоў да ўсяго іншага лічыцца садыстам пасля таго, як забіў шчанюка і выставіў фота ў сацыяльныя сеткі. Таксама ён неаднаразова выкладаў фота з нацысцкай свастыкай.

Нагадаем, «дэнацыфікацыя» Украіны была заяўлена прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным як адна з мэт вайны супраць Украіны. Але паводле звестак расейскіх СМІ, у самой краіне вырашылі адмовіцца ад гэтага тэрміна, бо насельніцтва яго не разумее.

Апошнія навіны