BE RU EN

Літва і Латвія спынілі імпарт расейскай электраэнэргіі

  • 22.05.2022, 13:06

Купля электрычнасці ў РФ спыненая сёння.

Біржавы аператар Nord Pool наважыў прыпыніць супрацоўніцтва з расейскай кампаніяй Inter Rao, якая пастаўляе электрычнасць у краіны Балтыі з 22 траўня. Пра гэта паведамляе міністэрства энэргетыкі Літвы.

З нядзелі Літва і Латвія не будуць імпартаваць расейскую электраэнэргію.

«Гэта надзвычай важная веха не толькі на шляху Літвы да энэргетычнай незалежнасці. Гэта выраз нашай салідарнасці з ваюючай Украінай, таму што мы не можам дазволіць, каб нашы грошы фінансавалі расейскую вайсковую машыну», - кажа міністр энэргетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс.

Цяпер патрэбнасці Літвы ў электрычнасці будуць забяспечвацца за кошт мясцовай генерацыі і імпарту праз электразлучэнні са Швецыяй, Польшчай і Латвіяй.

Для Латвіі такое рашэнне таксама не стане праблемай, піша Delfi са спасылкай на меркаванне экспэртаў. Як паказвае выданне, зараз Латвія вырабляе больш электраэнэргіі, чым спажывае, а аб'ём электрарэсурсаў, які пастаўляе Расея, адносна малы.

З сённяшняга дня Літва таксама мусіць спыніць імпарт расейскай нафты і прыроднага газу. Патрэба Літвы ў газе будзе забяспечвацца праз тэрмінал звадкаванага прыроднага газу (СПГ) у Клайпедзе. Расейскую нафту выкарыстаў адзіны ў краінах Балтыі нафтаперапрацоўчы завод у літоўскім горадзе Мажэйкяй, які кіруецца польскім канцэрнам Orlen. Ён адмовіўся ад гэтай нафты пасля заканчэння тэрміну кантрактаў на яе пастаўку больш за месяц таму.

Апошнія навіны