BE RU EN

Стала вядома, на колькі падаражэе камуналка для менчукоў праз «новаўвядзенне» ўладаў

  • 21.05.2022, 10:32

Разлік зроблены на прыкладзе дома № 9 па вуліцы Тышкевічаў у Менску.

Нядаўна СМІ расказалі, што ў Беларусі думаюць уключыць аплату за відэаназіранне ў камунальныя паслугі. Учора прадстаўнікі "Белтэлекаму" агучылі, колькі можа каштаваць такая паслуга. Прадпрыемства гатовае за свой кошт абсталяваць шматпавярховыя дамы ў Менску 100 тысячамі камераў відэаназірання. Устаноўка абсталявання для жыхароў будзе бясплатнай, а вось за яго эксплуатацыю давядзецца плаціць штомесяц, піша агенцтва "Менск-Навіны".

Пра тое, як будзе функцыянаваць сістэма, прадстаўнік "Менскай гарадской тэлефоннай сеткі" РУП "Белтэлекам" Віктар Канюшык расказаў на прыкладзе дома № 9 па вуліцы Тышкевічаў у Менску.

Такім чынам, у гэтай 6-пад'езнай шматпавярхоўцы кругласутачна працуюць 33 камеры ад "Белтэлекама". Імі абсталяваныя ўваходы ў пад'езды, пляцоўкі першых паверхаў, ліфты, фасады, уваходы тэхпадполля і выхады на дах. У цэлым базавыя патрэбы такога дома (ахоп перыметру двара, дзіцячых пляцовак, уваходаў у пад'езды) складаюць 15 камераў.

"У Менску 6400 шматкватэрных жылых дамоў, з якіх відэаназіраннем абсталявана блізу 1800 будынкаў. Мы падлічылі, што для аснашчэння ўсяго шматкватэрнага жылфонду сістэмамі відэаназірання спатрэбіцца 100 тысячаў камераў. Мы гатовыя ўсталяваць іх і іншае абсталяванне, неабходнае для працы сістэмы, за свой кошт", – адзначыў кіраўнік групы працы з ключавымі кліентамі філіяла "Менская гарадская тэлефонная сетка" РУП "Белтэлекам" Віктар Канюшык.

Жыхарам трэба будзе толькі ўносіць абаненцкую плату паводле тарыфу 2,3 рублі з кватэры на месяц. Доступ да відэа з камераў у рэжыме анлайн і да запісаў, якія будуць захоўвацца на сэрверы не менш за 30 дзён, будзе ў ЖКГ. Жыхары змогуць бясплатна атрымаць лагін і пароль для прагляду гэтых відэа ў ЖКГ ці "Белтэлекаме" на заяўку. Больш за тое, кампанія ўжо прапануе аналітыку запісаў з камераў.

На ўстаноўку сістэмаў ва ўсіх дамах Менска, паводле словаў Канюшыка, спатрэбіцца 2-3 гады. Але рэалізуюць праект толькі ў тым выпадку, калі відэаназіранне стане асноўнай жыллёва-камунальнай паслугай.

У Менгарвыканкаме гавораць, што сістэмамі відэаназірання паступова абсталёўваюцца ўсе значныя аб'екты сталіцы. Таксама іх ужываюць на аб'ектах капрамонту: паводле словаў чыноўнікаў, відэаназіранне дазваляе эканоміць сродкі і павышае прадукцыйнасць працы, паколькі ведаючы пра магчымасць назірання, супрацоўнікі працуюць добрасумленна. "Мяркуем, што ёсць неабходнасць развіваць сістэму відэакантролю і ў жыллі. Гэта дапаможа ў пытаннях бяспекі, будзе стымуляваць падраднікаў працаваць якасна", – растлумачыў намеснік старшыні Менгарвыканкама Аляксандр Дараховіч.

Апошнія навіны