BE RU EN

Расейскія кантрактнікі не атрымліваюць экіпіроўку, а крадзенае прадаецца ў інтэрнэце

  • 20.05.2022, 14:55

Іх вымушаюць набываць нават аптэчкі.

Расейскія кантрактнікі, якія адпраўляюцца на вайну ва Украіну, не забяспечваюцца экіпіроўкай, а абмундзіраванне з частак можна купіць у інтэрнэце. Пра гэта, спасылаючыся на крыніцы ў войску, 19 траўня паведамляе The Moscow Times.

Выданне піша, што вайскоўцам РФ даводзіцца набываць усё - ад абутку і аптэчак да бронекамізэлек. Адзін з жаўнераў Расгвардыі, які падпісаў кантракт, распавёў, што зарабляў у цывільным жыцці 75 тысяч руб, а экіпіроўка, на ягоныя падлікі, абыдзецца мінімум 200 тысяч руб.

«Усё даводзіцца купляць самім, за свае грошы. Я нават не кажу пра сучасныя бронекамізэлькі і каскі, у нас няма цёплых рэчаў, няма сухпайкоў. Ды і ўся тэхніка, на якой мы ваюем ва Украіне, — у савецкім нафталіне, элементарна зброю закліноўвае», - скардзіцца яшчэ адна крыніца ў войску.

У размове з The Moscow Times кансультанты расейскіх онлайн-крам распавялі, што агулам продажы павялічыліся ўдвая і яны ледзь паспяваюць рыхтаваць заказы да адпраўкі.

На партале прыватных аб'яў «Авіта» продажы таксама выраслі. Адзін з прадаўцоў, Ілля, сцвярджае, што ў яго наўпрост наладжаныя пастаўкі з некалькіх вайсковых частак і ён можа пад заказ знайсці пакупніку ўсякі камплект.

«Ёсць свае людзі ў воінскіх частках Ленінградскай вобласці, у Падмаскоўі, Разані. У іх усё ліцэнзійнае, ухваленае мінабароны. Яны брак нейкі знайшлі — і бронекамізэльку спісалі, а мы яе прадалі з невялікай скідкай. Не выкідваць жа», — зазначыў прадавец.

Суразмоўцы The Moscow Times сярод расейскіх жаўнераў распавялі, што іх вымушаюць купляць нават аптэчкі. «У тых, якія выдаюць, ёсць бінт, ёд і джгут. Загадзя папярэджваюць, што пры раненні гэта не дапаможа», - цытуе іх газета.

Апошнія навіны