BE RU EN

«Дзяўчына, вы на дзянёк спазніліся. Вы ўжо не першая, хто цікавіцца Оруэлам»

  • 20.05.2022, 10:41

Кнігу брытанскага пісьменніка забіраюць з продажу ў Беларусі.

Intex-press піша, як ягоная журналістка ў Баранавічах па кнігарнях у пошуках «1984» хадзіла.

Удзень 19 траўня мы адправіліся па кнігарнях Баранавічаў, каб паглядзець, што ж насамрэч адбываецца з нашумелым раманам (напярэдадні стала вядома, што продаж рамана Оруэла забаранілі ў Беларусі, - заўв.), і ці можна яго купіць.

У двух з чатырох кнігарняў нашага горада рамана «1984» сапраўды не было. Са слоў прадаўцоў-кансультантаў, з 18 траўня кнігу «канфіскавалі з продажу, незразумела, на які тэрмін і з якой прычыны».

- Дзяўчына, вы на дзянёк спазніліся. Вы ўжо не першая, хто цікавіцца Оруэлам, але найбліжэйшым часам гэтую кнігу нам не прывязуць, не чакайце, - сказала працаўніца аднаго з іх.

У двух іншых крамах Оруэл знайшоўся. У адной кніга прысутнічала ў гандлёвай зале і нават у некалькіх выданнях. Праўда, прадавец паведаміла, што гэта распрадаюць рэшткі, а новага прывозу больш не будзе.

- Рэшткі ёсць, але іх хутка разбіраюць, асабліва ў апошнія дні. Адзін з пакупнікоў набыў Оруэла нават на ангельскай мове, - сказала яна.

У іншай краме рамана Оруэла на паліцах не было, але калі карэспандэнтка баранавіцкага выдання пацікавілася кнігай, прадавец вынесла са склада некалькі апошніх экзэмпляраў, папярэдне ўдакладніўшы ў іншай працаўніцы, ці можна ўвогуле гэтую кнігу прадаць.

Агулам, з гутарак з прадаўцамі стала зразумела, што ніякай афіцыйнай паперы яны не бачылі, але «на словах» ім сказалі прыбраць раман Оруэла «1984» з паліц на склад.

Апошнія навіны