BE RU EN

«Хутка вы ўзрадуецеся, што не прадалі зараз сваю тысячу даляраў»

  • 19.05.2022, 12:28

Беларуская эканоміка сціскаецца, а людзі бяднеюць.

Беларуская эканоміка сціскаецца, як і заробкі, хаця знешні гандаль выглядае нібыта нядрэнна. Як гэта адаб'ецца на людзях і ці варта зберагаць сродкі ў далярах і еўра, як прызвычаіліся беларусы, расказвае старшы аналітык газеты «Беларусы і рынак» Вадзім Іосуб.

Праз год назапашанай валюце ўзрадуецеся

- Даляр і еўра падаюць, калі валюту прадаюць больш, чым купляюць, - кажа аналітык.

Паводле звестак Нацбанка, у мінулым месяцы больш прадавалі, чым куплялі, валюты практычна ўсе: банкі, людзі, прадпрыемствы і нерэзідэнты.

- Пакуль гэтая сітуацыя будзе працягвацца, валюта будзе зніжацца. Але ніхто не гарантуе, што гэтая сітуацыя будзе працягвацца бясконца. Цяпер падзенню валюты да беларускага рубля садзейнічае тое, што даляр і еўра падаюць да расейскага рубля. Калі мы гаворым пра найбліжэйшыя некалькі тыдняў, падзенне і даляра, і еўра можа быць працягнутае.

Можа, час пазбаўляцца ад даляра і еўра, пакуль яны не патаннелі яшчэ больш?

- Калі ў вас мэта паспекуляваць, паспрабаваць з тысячы даляраў зрабіць тысячу дзесяць даляраў, можна паспрабаваць зараз даляры прадаць, а праз тыдзень ці праз два паспрабаваць іх купіць. Калі ў вас ляжаць даляры з больш працяглай мэтай, мае сэнс, каб гэтыя даляры ляжалі, і нічога з імі не здарыцца.

Санкцыі вядуць да таго, што падае беларускі экспарт. Значыць, прыток валюты будзе меншы і курс зноў будзе расці.

- Як пачне моцна падаць беларускі экспарт, гэта будзе азначаць зніжэнне беларускага рубля. І тады вы ўзрадуецеся, што не прадалі зараз сваю тысячу даляраў. Калі ў вас ёсць рублі і вы гатовы купляць валюту, бо, яе мае сэнс назапашваць. Думаю, праз год такім пакупкам вы будзеце рады.

Эканоміка сціскаецца: бяднеюць усе

У беларускіх прадпрыемстваў ёсць валюта, якую яны могуць прадаваць. Аднак гэта не вельмі добра ў існай сітуацыі. Каб валюта была, патрэбна дадатнае сальда знешняга гандлю. Гэта значыць, прадаваць за мяжу больш, чым купляць. Гэта тое, да чаго імкнуліся ўлады і кампаніі, але зараз сітуацыя іншая. Экспарт і імпарт падаюць. Пры гэтым імпарт зніжаецца хутчэй, таму сальда і дадатнае. У сакавіку яно склала $330 млн.

- Калі параўноўваць сакавік з лютым, экспарт тавараў і паслуг упаў на 16 працэнтаў, а імпарт упаў на 25 з лішнім працэнтаў. Гэтае сведчанне таго, што эканоміка запавольваецца, становіцца менш складанай. Лепш каб і экспарт, і імпарт раслі нават пры адмоўным сальда.

Спад экспарту азначае, што беларусы менш зарабляюць на гандлі за мяжой. А падзенне імпарту, што нейкія прадпрыемствы проста не закупяць патрэбныя для вытворчасці тавары.

- Многія павінны купляць нейкую імпартную сыравіну, камплектуючыя і гэтак далей. Прадпрыемствы, калі патрацяць свае складскія запасы, будуць менш вырабляць. А нехта, можа быць, наогул не зможа вырабляць.

Калі трэнд па зніжэнні і экспарту, і імпарту будзе працягвацца, то, на жаль, нехта можа застацца без працы. У першую чаргу гэта закране імпарцёраў і прадпрыемствы-экспарцёры. А па ланцужку гэта можа закрануць усіх. На жаль, ва ўмовах санкцый гэты вынік непазбежны, - працягвае Вадзім Іосуб.

Змяненні ў знешнім гандлі прыкметна б'юць па беларускай эканоміцы, бо яна арыентаваныя на экспарт. Таму ў найбліжэйшай перспектыве добрага чакаць не варта, нягледзячы на падзенне даляра і еўра.

Курс не паказчык поспеху эканомікі

- Мы аказваемся ў дастаткова трывожнай сітуацыі. У чым тут узнікае парадокс? Для многіх людзей вельмі важны паказчык эканомікі - гэта курс. Трэба дакладна разумець, што курс не самы важны і нават не адзін з найважнейшых эканамічных паказчыкаў. Калі вы бачыце, што курс даляра падае, але пры гэтым стаіць на месцы або зніжаецца ваш заробак, калі растуць цэны, калі вы пры гэтым задумваецеся, а ці не будзеце вы праз месяц без працы, то зніжэнне кошту даляра дадае мала пазітыву вось у такую не вельмі вясёлую карціну.

За сакавік намінальныя заробкі беларусаў выраслі амаль на 40 рублёў. Пры зніжэнні курсу даляра гэта значыць, што ў даляравым выразе яны таксама раслі. Аднак з улікам інфляцыі рэальныя заробкі ў сярэднім скараціліся на 3,4% у параўнанні з лютым. Значыць, тавараў і паслуг беларусы могуць сабе дазволіць менш.

Апошнія навіны