BE RU EN

Канада можа замяніць Беларусь на ўкраінскім рынку угнаенняў

  • 18.05.2022, 15:05

«Белкалію» знайшлі замену.

Пасля таго, як Канада на год скасуе імпартныя падаткі на ўкраінскія тавары, канадскія калійныя ўгнаенні могуць стаць асноўнымі на рынку Украіны і тым самым замяніць беларускі калій, піша сайт «Белорусы и рынок».

Аб магчымай ролі Канады на ўкраінскім рынку калійных угнаенняў паведаміў Украінскі клуб аграрнага бізнэсу. У справаздачы клуба гаворыцца, што Канада з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам і экспарцёрам калійных угнаенняў. Гэта краіна вырабляе бязмала 12 мільёнаў тон калію, што складае больш за 20% сусветнай вытворчасці.

Пры гэтым у 2021 годзе Украіна імпартавала 287,5 тысячы тон калійных угнаенняў, з якіх 69 адсоткаў паступіла з Рэспублікі Беларусь.

«На зразумелыя прычыны, закупы з гэтай краіны ў далейшым рабіцца не будуць. Таму аграрыям Украіны неабходна шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, і Канада можа стаць адным з іх. Скасаванне імпартных падаткаў можа стаць дадатковым фактарам, бо павысіць канкурэнтаздольнасць украінскай аграрнай прадукцыі на канадскім рынку. Такім чынам, Украіна зможа закупляць калійныя ўгнаенні ў Канадзе, у сваю чаргу, адпраўляючы на тым жа транспарце сваю аграрную прадукцыю, якая цяпер у лішку ёсць на ўкраінскім рынку», - гаворыцца ў паведамленні асацыяцыі.

Паводле інфармацыі Украінскага клуба аграрнага бізнэсу, у 2021 годзе Канада імпартавала 2,8 млн тон кукурузы, 1,2 млн тон сланечнікавага шроту і 0,5 млн тон соевых бабоў. Менавіта гэтыя пазіцыі Украіна можа пастаўляць на рынак Канады праз марскія парты краін Балтыі.

У асацыяцыі нагадалі, што да пачатку ваенных дзеянняў Украіна мела нязначныя аб'ёмы экспартных паставак сельгаспрадукцыі ў Канаду, што было звязанае не толькі са значнай тэрытарыяльнай аддаленасцю гэтай краіны, але і дастаткова высокім узроўнем развіцця канадскага аграпрамысловага комплексу.

Так, цягам 2021 года ў Канаду было пастаўлена сельгаспрадукцыі на суму 29,3 млн даляраў, з якіх 49% экспартнага прыбытку сфармаваў яблычны сок, 18% - сланечнікавы алей і 11% - соевыя бабы.

Апошнія навіны