BE RU EN

G7 плануе даць Украіне гарантавую дапамогу на 15 млрд еўраў

  • 17.05.2022, 21:33

ЗША ўжо прапанавалі падаць палову дапамогі.

Міністры фінансаў краін «Вялікай сямёркі» хочуць скласці пакет дапамогі Украіне на 15 мільярдаў еўраў (15,8 мільярда даляраў). Пастанову могуць прыняць на сустрэчы ў горадзе Бон на гэтым тыдні.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Дапамога прадугледжаная на тры месяцы з кароткатэрміновым фінансаваннем пераважна ў выглядзе грантаў, якія, у адрозненне ад пазык, не трэба вяртаць.

Злучаныя Штаты ўжо прапанавалі выдзеліць палову дапамогі ў выглядзе грантаў на суму 7,5 мільярдаў даляраў.

Міністр фінансаў Нямеччыны Крысціян Лінднер заявіў, што паміж заходнімі дзяржавамі таксама ішла дыскусія пра тое, як можна прымусіць Расею дапамагчы аплаціць маштабную, доўгатэрміновую задачу аднаўлення Украіны.

«Я палітычна адкрыты да ідэі захопу замежных актываў расейскага цэнтральнага банка», – сказаў Лінднер у інтэрв'ю нямецкаму дзелавому дзённіку Handelsblatt і тром іншым еўрапейскім газетам.

Некаторыя палітыкі ЕЗ заклікаюць выкарыстоўваць расейскія актывы, замарожаныя Захадам, у тым ліку блізу 300 мільярдаў даляраў рэзерваў расейскага цэнтральнага банка, як грошы на аднаўленне Украіны пасля заканчэння вайны.

Прадстаўнік Мінфіна ЗША на ўмовах ананімнасці сказаў, што неабходна разгледзець юрыдычныя, палітычныя прэцэдэнты і палітычныя пытанні, дадаўшы, што існуе рызыка таго, што канфіскацыя замарожаных актываў можа перашкодзіць перамовам аб спыненні вайны.

Чыноўнік сказаў, што цяпер Вашынгтон больш засяроджаны на задавальненні неадкладных бюджэтных запатрабаванняў Украіны на працягу наступных трох месяцаў.

Апошнія навіны