BE RU EN

Трэба прызнаць, што сярод нас ёсць апошнія сволачы

  • Наталля Радзіна
  • 4.04.2022, 21:31

Хто ў Беларусі набывае рэчы забітых і закатаваных украінцаў?

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна ў «Фэйсбуку» адрэагавала на паведамленні аб тым, што расейскія жаўнеры прадаюць у Беларусі нарабаванае ва Украіне:

- Сорам і жах - пачуцці, якія адчуваеш, калі даведаешся, што на рынках беларускіх гарадоў Гомеля і Мазыра расейскія вайскоўцы прадаюць нарабаванае ва Украіне. У гэтай сітуацыі мяне не здзіўляюць расейскія марадзёры. Пасля масавых забойстваў і катаванняў украінцаў з гэтымі сцярвятнікамі ўсё зразумела.

Галоўнае пытанне: хто набывае рэчы забітых, закатаваных людзей? Хто бярэ сабе ў кватэру тэлевізар з разбуранага расейскімі набоямі ўкраінскага дома? Хто мае намер карыстацца рэчамі калісьці шчаслівых, а сёння знішчаных вайной украінскіх сем'яў? Каму патрэбныя мабільныя тэлефоны расстраляных ва ўкраінскіх акупаваных гарадах і сёлах хлопцаў? Хто збіраецца насіць завушніцы, вырваныя з вушэй спачатку згвалтаванай, а потым забітай украінскай жанчыны?

Мне сорамна і страшна, што пакупнікі гэтага прасякнутага крывёй скарбу - мае землякі. Усе яны, як бы ні прыкрываліся сёння словамі «мы супраць вайны», у гэтай сітуацыі - суўдзельнікі злачынства. Такія ж марадзёры і сцярвятнікі, як і расейскія ваенныя злачынцы.

Многія беларусы ў цяжкай сітуацыі акупацыі імкнуцца ўсімі магчымымі спосабамі дапамагаць Украіне ці хаця б не ўдзельнічаюць у подласці. Але, трэба прызнаць, сярод нас ёсць і апошнія нягоднікі, якія спрабуюць нажыцца на гэтай жудаснай вайне. І яны таксама страшныя, як і тыя, хто сёння забівае жыхароў мірных гарадоў Украіны.

Напрыканцы хачу папярэдзіць гэтых мярзотнікаў. Калі ў іх няма сумлення, то ў КК РБ ёсць артыкул: набыццё, захоўванне або збыт матэрыяльных каштоўнасцей, заведама здабытых злачынным шляхам, прыводзяць да крымінальнай адказнасці паводле арт.236 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны