BE RU EN

«Вайна нанесла па луканоміцы такі ўдар, што ўлады проста не ведаюць, куды бегчы»

  • 1.04.2022, 23:25

Да чаго рыхтавацца беларусам?

Як вайна ва Украіне мяняе расклад сіл у Беларусі? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Як вы думаеце, сыход расейскіх войскаў з чарнігаўскага і кіеўскага кірункаў - гэта выкрут або Крэмль мяняе планы?

- У Расеі памяняліся планы, таму што не ўдалося захапіць з наскоку ні Кіеў, ні нават Чарнігаў. Расейцы панеслі вялізныя страты ў жылой сіле і тэхніцы, таму трэба было мяняць падыходы. Можна адзначыць удалую абарону Украіны, але бітва на поўначы, на маю думку, яшчэ не скончаная.

З той інфармацыі, якая ідзе, у тым ліку - з афіцыйных заяў амерыканскай выведкі, частка войскаў вяртаецца ў Беларусь. Таксама расейскія войскі перакідваюцца з поўначы на ўсход і нават поўдзень Украіны.

- Выведкі заходніх краін давалі Украіне пасля нападу РФ 72 гадзіны. Дзякуючы чаму ўкраінскі народ выдужаў?

- Дзякуючы таму, што гэта ўкраінскі народ і ўкраінскія ваяры. У свой час я служыў тэрміновую службу ў спецназе ГРУ. У нас была элітная брыгада, якая базавалася за мяжой. Гэта былі жаўнеры з Расіі (прычым толькі з еўрапейскай часткі), Украіны і Беларусі. Нашы афіцэры казалі, што ў брыгадзе самыя лепшыя салдаты - гэта ўкраінцы, на другім месцы беларусы, а на трэцім - расейцы. Безумоўна, ёсць індывідуальныя асаблівасці, але гэтая ацэнка ад афіцэраў элітнага падраздзялення савецкага войска.

Калі шчыра, не разумею расейцаў, якія так рызыкнулі ваяваць з Украінай. Яны не маглі заваяваць некалькі соцень тысяч чачэнцаў на працягу васьмі гадоў. І калі зараз Кадыраў памрэ ці сыдзе, то Чачэнія будзе гатовая зноў ваяваць з Расеяй. Тут жа РФ напала на шматмільённую Украіну, якая мае вялізную тэрыторыю. Гэта проста фатальная памылка расейскіх кіраўнікоў.

Таксама важна тое, што ўкраінцы ваююць за сваю зямлю. У іх вельмі высокі баявы дух.

Адзначу, што вайсковае камандаванне Украіны пасля 2014 вельмі эфектыўна працавала. Многія афіцэры і сяржанты прайшлі падрыхтоўку паводле сістэмs NATO, многія інструктары былі з краін NATO, Ізраіля і гэтак далей. Усе адзначаюць, што ўкраінцы на галаву пераўзыходзяць расейскае войска ва ўменні ваяваць, выкарыстоўваць тое ўзбраенне і магчымасці, якія ў іх ёсць.

- Як вайна ва Украіне мяняе расклад сіл у Беларусі?

- Думаю, што развіццё сітуацыі зараз значна паскорылася. Перамога Украіны ў вайне ці, скажам, "не перамога" Расеі ў вайне, прывядзе да немінучай змены ўлады ў Беларусі.

Для нас дрэнным варыянтам будзе (я ўжо пра гэта казаў), калі ўкраінскае кіраўніцтва пойдзе на павадку ў Пуціна і будзе сур'ёзна ставіцца да розных мірных пагадненняў, бо гэта моцны бок пуцінскай улады. Мы бачылі гэта на прыкладзе Сірыі і нават Лібіі. Расея заўсёды парушае мірныя дамоўленасці на сваю карысць, да іх нельга ставіцца сур'ёзна.

Калі гэтае «мінскае» ці «стамбульскае» пагадненне будзе ўкладзенае, то сітуацыя крыху замарозіцца, а Беларусь зноў можа стаць кантрабандным хабам, праз які будуць абыходзіцца санкцыі супраць Расеі і самога рэжыму Лукашэнкі.

- Наколькі ў Беларусі магчымая сацыяльная напружанасць з-за эканамічных наступстваў ад санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Крамля?

- У сувязі з тым, што кіраўніцтва Украіны чамусьці давярала Лукашэнку і адмаўлялася далучыцца да санкцый Еўразвязу, ЗША, Канады і Вялікабрытаніі супраць беларускага рэжыму, гэта дазваляла яму заставацца на плаве. Таму што існаваў і прамы геаграфічны абыход праз украінскую тэрыторыю, і розныя схемы, якія выкарыстоўвалі расейскія алігархі, рэжым Лукашэнкі і ўкраінскія бізнэсоўцы. Гэта дазваляла Лукашэнку зарабляць мільярды даляраў.

У сувязі з вайной гэтыя схемы перасталі існаваць, спынілася сілкаванне беларускага рэжыму ўкраінскімі мільярдамі і многія беларускія прадпрыемствы проста спыніліся.

Мы ведаем, што практычна спыніў сваю працу "Белкалій", які даваў да 40% адсоткаў валюты ў Беларусь. Многія людзі не атрымліваюць прэміі, проста сышлі ў адпачынак на 2/3, за свой кошт. Вельмі цяжкая сітуацыя на "Гродна Азоце". У прадпрыемстваў, якія вырабляюць угнаенні, пачаліся праблемы з-за таго, што Украіна арыштавала вагоны і іх цяпер проста няма. Калі б нават хацелі пусціць іх па чыгунцы праз паўсвету - іх цяпер проста не існуе.

Натуральна, былі нанесены ўдары і па іншых прадпрыемствах: па МАЗе, па МТЗ. Украіна таксама шмат набывала беларускіх тавараў, праз яе тэрыторыю нашы машыны ішлі ў іншыя краіны.

Напэўна, за ўсё маё жыццё, за мае 58 год такога катастрафічнага стану беларускай эканомікі яшчэ не было. Калі кажуць, што ў дачыненні да Расеі санкцыі яшчэ не дзейнічаюць на ўсе застаўкі, то па луканоміцы нанесены такі ўдар, што ўлады проста не ведаюць, куды бегчы.

- Улады спадзяюцца, што атрымаецца адправіць гэтыя тавары на расейскі рынак. Ці ёсць такая магчымасць?

- Часткова будзе будавацца аўтаркія ў складзе Расеі і Беларусі. Нейкія тавары змогуць пайсці на расейскі рынак, але Расея не будзе за іх плаціць, бо Лукашэнка ўжо атрымаў адтэрміноўку за крэдыты. Амаль бясплатна будуць ісці і прадукты харчавання, і машыны, бо Расея не можа за адзін і той жа тавар плаціць некалькі разоў. Самае галоўнае, што не будзе паступлення валюты ў краіну. Гандлёвае сальда з Расеяй заўсёды было катастрафічна адмоўнае. Беларускі рэжым ад продажу калію, драўніны і галоўным чынам нафтапрадуктаў з расейскай нафты на Захад атрымліваў 80 адсоткаў усёй валюты. Цяпер гэтага проста не будзе. Як праз уведзеныя санкцыі, так і з прычыны парушэння лагістычных сувязяў і страты большасці рынкаў для лукашэнкаўскага рэжыму.

- Ці паўплывае на сітуацыю ў Беларусі такі новы чыннік, як беларускі батальён Кастуся Каліноўскага і іншыя падраздзяленні, якія ваююць ва Украіне?

- Вядома. І трэба адзначыць, што многія людзі, якія едуць добраахвотнікамі, уступілі ў батальён Каліноўскага і іншыя падраздзяленні, адмовіліся ад добрай працы, ад забяспечанага жыцця на Захадзе. І гэтымі мужчынамі, нашымі героямі, можна захапляцца і яны не толькі ратуюць “гонар нацыі”, рызыкуючы сваім жыццём за свабоду Украіны, але і набліжаюць вызваленне нашай краіны.

І, вядома, гэты чыннік стаў вызначальным у тым, што не ўступіла ў вайну ў поўным маштабе беларускае войска. І расейскае кіраўніцтва, і лукашысты разумеюць, што калі б беларусы ўвайшлі ў складзе сённяшніх вайсковых частак на тэрыторыю Украіны, ім было б куды здавацца і да каго далучыцца.

Можна таксама адзначыць, што выдатная праца беларускіх журналістаў і блогераў, якія змаглі падрыхтаваць грамадскую думку ў краіне ў дачыненні да расейскай агрэсіі ва Украіне, а таксама наяўнасць батальёна Каліноўскага і іншых сотняў беларускіх добраахвотнікаў, выратавалі Кіеў ад захопу і шмат у чым перашкодзілі рэалізаваць тыя планы Пуціна ў дачыненні да поўначы Украіны, пра якія мы казалі ў пачатку. Гэта наш беларускі ўклад у агульную барацьбу з рашыстамі і лукашыстамі.

- Да чаго сёння рыхтавацца беларусам?

- Трэба адкінуць інфантыльнасць. Вядома, мы можам казаць украінцам, што ў нас заўсёды была і ёсць іншая сітуацыя, чым ва Украіне. Але давайце пагодзімся, што ўкраінцы сёння рызыкуюць значна больш у барацьбе за свабоду і незалежнасць сваёй краіны. А што, нашая беларуская незалежнасць, яна каштуе менш ці яна не заслугоўвае таго, каб за не змагаліся? Таму ў першую чаргу мужчынам трэба рыхтавацца да сур'ёзных дзеянняў. І формы беларускага супраціву могуць быць самымі рознымі. Выбар вельмі вялікі.

Думаю, што людзям, якія не могуць пакінуць краіну і не могуць паехаць добраахвотнікамі, трэба рыхтавацца да ўсеагульнага страйку, трэба шукаць слабыя месцы ў рэжыму, трэба шукаць слабыя месцы на канкрэтных беларускіх прадпрыемствах і спалучэнне метадаў сабатажу і страйку ў нейкі момант стануць вызачальнымі ва ўсёй гэтай бітве дэмакратычнага свету супраць барбарскіх дыктатур.

Кожны сам сабе павінен паставіць задачу, што ён можа зрабіць як адзін чалавек, як частка прадпрыемства, але і як жыхар таго ці іншага рэгіёна. Трэба быць гатовым да беларускага паўстання, але не проста так на пустым месцы - трэба сур'ёзна быць да гэтага гатовымі.

Мы - частка сусветных сіл дабра, якія выступілі супраць двух дыктатарскіх рэжымчыкаў, і мы абавязкова пераможам.

Апошнія навіны