BE RU EN

«Жыве Беларусь!»: як з'явіўся знакаміты лозунг

  • 19.02.2022, 21:21

Кароткая гісторыя галоўнага лозунгу беларусаў.

Як з'явілася словазлучэнне «Жыве Беларусь»?

Гісторык Аляксей Каўка бачыць вытокі гэтага лозунгу-дэвіза ў сярэдзіне 19-га стагоддзя. Некаторыя ўдзельнікі паўстання Кастуся Каліноўскага выкарыстоўвалі наступны пароль: «Каго любіш? - Люблю Беларусь. - Так узаемна».

Але ўпершыню такое спалучэнне з'явілася ў фінале верша Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь», які быў напісаны ў 1905-1907 гадах (якраз у гэтыя гады ў Расейскай імперыі адбывалася рэвалюцыя).

А вот як не любіць гэта поле, і бор,

І зялёны садок, і крыклівую гусь!..

А што часам тут страшна заенча віхор, —

Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!

Акрамя Янкі Купалы, гэты выраз актыўна выкарыстоўвалі і іншыя паэты, якія друкаваліся ў газеце «Наша Ніва». Нядзіўна, што ў 1911 годзе ў рэдакцыйнай нататцы гэтага выдання адзначалася (цытуем па арыгінале):

«Расьце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцьця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць сваё нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песьнях народных песьняроў грымне, што «жыве Беларусь!».

Як гэты лозунг выкарыстоўваўся да Вялікай Айчыннай вайны?

У 1917 годзе ў Менску адбыўся I Усебеларускі з'езд. Беларускія чыноўнікі неаднаразова падкрэслівалі ягоную значнасць.

Менавіта на гэтым з'ездзе гучаў лозунг «Няхай жыве вольная Беларусь!»

У часы даваеннай БССР гэты лозунг не страціў свайго значэння. Толькі выкарыстоўваўся ў варыянце «Няхай жыве савецкая Беларусь!».

Як лозунг выкарыстоўваўся падчас вайны?

- Прыхільнікі БССР, а затым партызаны і падпольшчыкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны абвяшчалі: «Няхай жыве савецкая Беларусь!», - пісала ў 2007 годзе газета «СБ. Беларусь сегодня».

У час вайны з'явілася песня-марш беларускіх партызан. Яе кароткі фрагмент цытуе ў сваім даследаванні Э. Тумас, канцэртмайстар кафедры харавога і вакальнага мастацтва Універсітэта культуры і мастацтваў. Мы дамо больш падрабязную цытату:

Ніколі не згіне ад лютых пажараў

вялікі і слаўны наш Край.

У бой за Радзіму збірайся, таварыш,

ідзі партызаніць у гай.

На прускага ката

за вёску і хату

кліч помсты народнай заве.

Ідуць у атаку лясныя салдаты,

грукочуць гранаты, грымяць аўтаматы –

жыве Беларусь! Жыве!

Гэты тэкст можна знайсці ў поўным зборы твораў класіка беларускай літаратуры Пімена Панчанкі. Размова ідзе аб перакладзе з рускай мовы «Партызанскага маршу» рускага паэта Аляксея Суркова.

Том, дзе быў апублікаваны верш, выйшаў у 1981 годзе тыражом 17 тысяч экзэмпляраў.

Як лозунг «Жыве Беларусь» зноў стаў актуальным

Пасля вайны лозунг актыўна выкарыстоўваўся на эміграцыі, а ў БССР адышоў на другі план. Актуалізаваў яго Беларускі народны фронт і палітычныя падзеі канца 1980-х - пачатку 1990-х гадоў.

У дзясятыя гады гэты ж лозунг зноў вярнуўся на парадак дня. Палітычна актыўныя беларусы працягвалі выходзіць на палітычныя акцыі з нацыянальнай сімволікай і скандавалі: «Жыве Беларусь!» У выніку і нацыянальны сцяг, і лозунг перасталі ўспрымацца выключна як апазіцыйныя.

Паводле матэрыялаў tut.by

Апошнія навіны