BE RU EN

«Абламалі зубы аб Аўдзееўку»: Гіркін распавёў пра грандыёзны правал расейскага войска

  • 9.12.2022, 15:01

УСУ «паклалі» самыя баяздольныя часткі РФ.

Спрабуючы ў лоб штурмаваць Аўдзееўку, што на поўначы ад Данецка, Расея паклала свае самыя баяздольныя часткі.

З такім прызнаннем выступіў дыверсант ФСБ РФ, вайсковы злачынец Ігар Стралкоў (сапраўднае прозвішча Гіркін).

«Аб Аўдзееўку абламалі зубы і паклалі там велізарную колькасць данецкіх «апалчэнцаў» - самых баяздольных у нашым войску. Не апалчэнцаў, а кадравых данецкіх байцоў, у тым ліку майго цесця. Наогул не здолелі там прасунуцца», - распавёў Стралкоў.

Адзначым, што цесць Стралкова Сяргей Сітоленка быў ліквідаваны пад Аўдзееўкай украінскім снайперам яшчэ ў канцы сакавіка гэтага года.

Ён праходзіў службу ў 3-й асобнай мотастралковай брыгадзе расейскага акупацыйнага войска.

Ля Данецка і Аўдзееўкі УСУ пасля 2014 года выбудавалі наймагутнейшыя лініі абароны. Іх расейскія войскі нават з дапамогай вогненнага вала не змаглі прабіць пры поўнамаштабным уварванні. Правалілася спроба акупантаў таксама ўзяць Данбас у «кляшчы».

Адзначым, што апошнія некалькі месяцаў Стралкоў непасрэдна ўдзельнічаў у вайне РФ супраць Украіны. Аднак там ён не ўтрымаўся і неўзабаве вярнуўся ў Маскву. Цяпер дыверсант вельмі рэзка крытыкуе вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ за прайграную вайну. Напрыклад, міністра абароны РФ Сяргея Шайгу ён абазваў «рэдкім спалучэннем дурня, злодзея і мярзотніка тупога, як корак».

Апошнія навіны