BE RU EN

Эканоміка еўразоны летам вырасла мацней за чаканні

  • 7.12.2022, 19:14

Рынак працы застаецца стабільным і нават аднавіў дапандэмійныя значэнні.

ВУП краінаў еўразоны (19 краінаў Еўразвязу, у якіх мае хаджэнне еўра. – Рэд.) вырас у трэцім квартале гэтага года на 0,3 адсотка ў параўнанні з другім кварталам. Пра гэта ў сераду, 7 снежня, паведамляе еўрапейская статыстычная ўстанова Eurostat. Раней эксперты Eurostat зыходзілі з чаканняў росту 0,2 адсотка.

Эканоміка Нямеччыны пры гэтым расла хутчэй за сярэдняе значэнне ў еўразоне – у трэцім квартале зафіксаваны рост 0,4 адсотка. У той час як, напрыклад, у Эстоніі ВУП зменшыўся на 1,8 адсотка.

Аналітыкі адзначаюць, што рост эканомікі ў еўразоне запавольваецца і змяняецца рэцэсіяй – ён ужо замарудзіўся ў параўнанні з вясновымі паказнікамі. Рэцэсію гэтай зімой нядаўна прадказаў і еўракамісар у эканоміцы Паола Джэнтылоні. Паводле ягоных словаў, эканоміка не пакажа росту да вясны.

2023 год, паводле прагнозаў Еўракамісіі, будзе складаным — ВУП еўразоны вырасце, паводле прагнозаў, толькі на 0,3 адсотка, а ў Нямеччыне ўвогуле чакаецца падзенне на 0,6 адсотка.

Нягледзячы на цяжкасці з эканомікай, рынак працы застаецца стабільным і, мяркуючы з колькасці працаўладкаванага насельніцтва ў краінах еўразоны – 164,5 мільёна чалавек у трэцім квартале 2022 года, – перавысіў паказнікі, якія былі зафіксаваныя да пандэміі каранавірусу. Колькасць людзей з працай у краінах еўразоны вырасла ў трэцім квартале на 0,3 адсотка ў параўнанні з другім кварталам.

Апошнія навіны