BE RU EN

Названая прычына паспяховых нападаў беспілотнікаў на стратэгічныя аб'екты РФ

  • 7.12.2022, 17:32

Чаму дроны не збіла расейская СПА?

Галоўны рэдактар «Цэнзора.НЕТ», украінскі журналіст Юры Бутусаў у інтэрв'ю «Радыё НВ» назваў прычыну паспяховых нападаў беспілотнікаў на стратэгічныя аб'екты РФ - авіябазы Энгельс-2 і Дзягілева - і патлумачыў, чаму іх не збіла расейская СПА.

«Расея засяродзіла ўсе свае сілы на прыкрыццё сваіх вайсковых груповак на тэрыторыі Украіны, і яны нясуць вялікія страты. Калі глядзець на падлікі партала Oryx, Расея страціла больш за 80 зенітна-ракетных комплексаў, розных сістэм, дадаткова - радараў, іншых сродкаў супрацьпаветранай абароны. Такім чынам яны значна аслабленыя. І яны не могуць арганізаваць шчыльную абарону нават сваіх стратэгічных аб'ектаў», - распавёў Бутусаў.

Журналіст нагадаў, што 6 снежня раніцай яшчэ адзін беспілотнік атакаваў расейскую авіябазу Курск і знішчыў склад з гаручым.

«База Курск знаходзіцца недалёка ад межаў Украіны, значна бліжэй, чым Дзягілева і Саратаў. Там таксама супрацьпаветраная абарона не спрацавала», - канстатаваў ён, дадаўшы, што ў Расеі «адсутнічае шчыльнасць баявых парадкаў супрацьпаветранай абароны».

Са слоў Бутусава, гэта азначае, што расейскія войскі не могуць забяспечыць поўнае разгортванне сваіх сістэм СПА вакол усіх важных аб'ектаў у зоне баявых дзеянняў і сёння ёсць нейкія месцы, дзе заўсёды можна знайсці нейкую магчымасць ударыць.

«Вораг аслаблены з прычыны вялікіх страт на Данбасе», — падсумаваў журналіст.

Апошнія навіны