BE RU EN

РФ адмовілася прызнаваць граніцу цаны нафты

  • 4.12.2022, 20:53

Расея не будзе прадаваць нафту за цэнавую граніцу, нават калі давядзецца скараціць здабычу.

Міністр энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак чарговы раз назваў "непрымальнай" граніцу цаны расейскай нафты. Пра гэта ён расказаў у эфіры "Россія 24". Напярэдадні краіны ЕЗ канчаткова вызначылі ўзровень абмежавання $60 за барэль. Да іх далучыліся краіны G7 і Аўстралія.

«Мы мяркуем, што гэты інструмент нярынкавы, неэфектыўны, які груба ўмешваецца ў рынкавыя інструменты, супярэчыць усім правілам, той жа СГА, напрыклад. У сваёй практыцы мы не мерымся ўжываць інструменты з price cap. Для гэтага цяпер мы прапрацоўваем механізмы забароны на ўжыванне інструмента price cap незалежна ад таго, які ўзровень будзе ўстаноўлены», - сказаў Новак.

Укараненне граніцы цаны можа прычыніцца да дэстабілізацыі рынку, дэфіцыту энэргарэсурсаў, зніжэння інвестыцый, дадаў Новак. "Мы будзем прадаваць нафту і нафтапрадукты ў тыя краіны, якія будуць працаваць з намі на рынкавых умовах, нават калі нам давядзецца крыху скараціць здабычу", - дадаў віцэ-прэм'ер.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў, што Расея спыніць пастаўкі ў краіны, якія далучацца да "граніцы".

Крэмль падрыхтаваў праект указа прэзідэнта, які забараняе продаж расейскай нафты краінам і кампаніям, якія далучацца да «граніцы цаны», пісаў даўней Bloomberg са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй. Забарона будзе дзейнічаць для расейскіх нафтавых кампаній і ўсіх чыста трэйдэраў. Усякая згадка «цэнавай граніцы», якая мае ўвайсці ў дзеянне з 5 снежня, будзе па-за законам у кантрактах на пастаўку нафты з Расеі, расказала крыніца.

Прэсавы сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў учора таксама сказаў, што Расея не прыме граніцу цаны на расейскую нафту. «Мы прымаць гэтую граніцу не будзем, а якім чынам будзе арганізаваная дзейнасць, пасля аналізу, які будзе неўзабаве праведзены, мы паведамім», – адзначыў Пяскоў.

Учора краіны «Вялікай сямёркі» і Аўстралія далучыліся да пастановы Еўразвязу ўстанавіць цэнавую граніцу $60 за барэль на марскую сырую нафту расейскага паходжання. Пастанова ЕЗ прадугледжвае механізм карэкцыі, у рамках якога можна будзе рэгулярна пераглядаць ліміт: ён мае быць не менш як на 5% ніжэйшы за сярэднерынкавую цану. Кампаніі, якія парушаць правілы і купяць расейскую нафту за цану вышэйшую за $ 60, пазбаўляюцца магчымасці атрымліваць банкавыя фінансаванне і страхаванне ў Еўропе.

Апошнія навіны