BE RU EN

Беларуска паверыла ў каханне «лекара з Сірыі» і 12 разоў пераводзіла яму грошы

  • 4.12.2022, 17:30

Пайшло 26 тысяч рублёў.

43-гадовая берасцейка звярнулася ў міліцыю і расказала, што стала ахвярай махляра, паведамляе МУС Беларусі.

Псэўдалекар з Сірыі сваю ашуку пачаў са знаёмства з берасцейкай у сацыяльнай сетцы і хутка яе зачараваў. Віртуальны раман, як ён абяцаў, меўся неўзабаве перайсці ў рэальны - "лекар" абяцаў прыляцець да беларускі ў госці. Яна яго чакала.

Але ён панаракаў, маўляў, грошай на выправу бракуе, і ён просіць паню даць напавер. Даверлівая жанчына пералічыла яму 2,4 тысячы рублёў. Але ў сябра зноў узніклі праблемы. Патрэбныя былі яшчэ грошы, а потым яшчэ і яшчэ… Так берасцейка зрабіла 12 пераводаў – на агульную суму блізу 26 тысяч беларускіх рублёў.

І толькі калі ён перастаў адгукацца, яна зразумела, што яе жорстка ашукалі. Следчымі распачатая крымінальная справа за махлярства.

Апошнія навіны