Сербія не будзе гандляваць з Расеяй у абыход санкцый
- 2.12.2022, 18:10
Пра гэта заявіў Аляксандр Вучыч.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў, што ніхто не можа абысці санкцыі Еўразвязу супраць Расеі праз ягоную краіну.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на Reuters.
"Мы адрэагавалі на выпадкі рээкспарту пэўных тавараў, і нашы дзяржаўныя органы затрымалі людзей з кампаній, якія былі задзейнічаныя ў абыходзе санкцый супраць Расейскай Федэрацыі", – сказаў Вучыч пасля сустрэчы з еўракамісарам у пытаннях пашырэння Оліверам Вархеі.
Сербія, якая імкнецца ўступіць у ЕЗ, зазнала крытыку з боку замежных дыпламатаў за тое, што афіцыйна не ўвяла санкцыі супраць Расеі за ўварванне ва Украіну.
Сербія імпартуе ўвесь свой газ з Расеі, а яе адзіная нафтавая кампанія NIS знаходзіцца ў кантрольным пакеце акцый "Газпрам нафты" і "Газпрама".
"Я вітаю пасланне прэзідэнта, што ён дапаможа нам ужыць санкцыі (супраць Расеі), каб пакласці канец гэтай вайне", – сказаў Вархеі.