«Медуза»: Расейскія акупанты гатовыя сысці з ЗАЭС
- 2.12.2022, 19:07
Новы «жэст добрай волі»?
«Медуза» са спасылкай на свае крыніцы, блізкія да Крамля, паведамляе, што расейскія войскі гатовыя пакінуць Запарожскую АЭС ва Украіне.
Са слоў крыніц, у абмен на вывад войскаў з АЭС расейскія ўлады нібыта разлічваюць атрымаць гарантыі бесперабойнага транзіту нафты і газу па тэрыторыі Украіны. Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што ў Крамлі і ўрадзе «ёсць гатоўнасць да ўгоды». «Пампаваць і прадаваць [нафту і газ] вельмі важна для расейскага бюджэту», — проста сфармулявала крыніца, блізкая да Крамля.
Праз Украіну праходзіць паўднёвае адгалінаванне трубаправода «Дружба», па якім расейская нафта пастаўляецца ў Вугоршчыну, Славаччыну, Чэхію і Польшчу. Агулам на «Дружбу» прыпадае прыкладна траціна ўсіх расейскіх паставак нафты ў Еўропу.
Украінскі адцінак «Дружбы» належыць «Укртранснафце», якая бярэ з Расеі плату за транзіт нафты, а таксама мае тэхнічную магчымасць яго спыніць. З сярэдзіны лістапада пастаўкі па трубаправодзе ідуць з перабоямі праз ракетныя ўдары. Пры гэтым з 5 снежня «Дружба» стане галоўным спосабам транспартавання расейскай нафты ў Еўропу, бо набудзе моц еўрапейскае эмбарга на пастаўкі нафты з Расеі (яно датычыцца толькі транспартавання па вадзе).