«Паспяховы досвед кіравання кампаніямі, праекты на сотні тысяч даляраў - а клічуць толькі ў прыбіральшчыкі»
- 10.12.2022, 13:24
ІТ-мэнэджар распавёў, як шукае працу ў Беларусі.
Беларус Зміцер Брыцька (досвед у ІТ — амаль 2 гады) падзяліўся ў лінкедзіне навіной: праз 3 месяцы пошукаў працы ў Беларусі ў яго, нарэшце, з'явіўся першы водгук — яго запрасілі… на пазіцыю прыбіральшчыка.
Зміцер пачаў шукаць працу яшчэ ў верасні. Але пакуль на сотню водгукаў - адмовы. І вось першае запрашэнне на сумоўе.
- Ура, таварышы! Паспяховы досвед кіравання кампаніямі і праектамі даўжынёй у 5 гадоў, праекты на сотні тысяч даляраў, задаволеныя кліенты і калегі - усё не дарма! Шукайце і знойдзеце! — напісаў ён у сябе на лінкедзіне.
У каментарах Змітру зычаць поспеху і распытваюць, як ён рыхтуецца да інтэрв'ю. Аўтар допісу аджартоўваецца, што па софт скілам і так павінен прайсці, а над хард прыйдзецца папрацаваць - наперадзе ўвесь вечар. І дадае: «Калі прайду, напішу ў сябе ў профілі full stack cleaner».
Сайт dev.by паразмаўляў са Змітром. Ён прызнаўся, што гэта эксперымент: «Калі сур'ёзна, то я адгукаюся толькі на вакансіі, рэлевантныя майму досведу і ўменням. Усё ж такі я быў дырэктарам арганізацыі, а пазней вёў праекты на сотні тысяч даляраў у ІТ-кампаніі. Зараз жа атрымліваю адмовы, адмовы - без усялякага водгуку».
Убачыўшы вакансію прыбіральшчыка, успомніў, як у 12 гадоў дапамагаў маме прыбіраць прыбіральні і спартзалу ў школе, дзе ён сам вучыўся.
- Мне захацелася перапыніць ланцужок адмоў, і я адгукнуўся. Прыйшло запрашэнне - і стала крыху святлей на душы.
На сумоўе Зміцер, безумоўна, не пойдзе. А допіс апублікаваў, каб зразумець, ці чытаюць яго ў LinkedIn рэкруцёры.
Бо, кажа, ёсць у яго і іншыя допісы, але іх не заўважаюць.
— Я прытрымліваюся парад калег і рэкруцёраў: выкарыстоўваю LinkedIn на ўсе 100%, праяўляю актыўнасць, запоўніў профіль. Але падаецца, што профіль не працуе. Плюс вакансій у LinkedIn адзінкі, і з'яўляюцца яны з перыядычнасцю адна на два тыдні. Так што пакуль я разглядаю гэты рэсурс хутчэй як адзін са спосабаў камунікацыі без агрэсіі, якой стае ў іншых сацыяльных сетках.
Зміцер кажа, што ў пошуку працы яму дапамагаюць сябры і калегі. Ён навучаў знаёмага рэкруцёра гульні ў шахматы - той у падзяку стаў усюды рэкамендаваць Змітра.
- Мае былыя калегі і добрыя знаёмыя рэкамендуюць мяне ў сваіх новых кампаніях, адпраўляюць маё рэзюмэ на ўнутраныя рэсурсы, - але таксама пакуль ні званка, ні ліста.