BE RU EN

Турцыя моцна скараціла закуп расейскай нафты

  • 1.12.2022, 21:03

Закуп абрынуўся прыкладна на траціну.

Турцыя моцна скараціла закуп расейскай нафты напярэдадні новай хвалі санкцый Захаду, якія маюць увайсці ў дзеянне 5 снежня і будуць уключаць еўрапейскае эмбарга і "граніцу цаны".

На тыдні, які закончыўся 25 лістапада, турэцкім пакупцам з расейскіх партоў было накіравана 210 тысяч барэляў за дзень, падлічыў Bloomberg на падставе статыстыкі танкерных перавозак.

Плыні ў кірунку Турцыі абрынуліся прыкладна на траціну: тыднем раней яна закупляла 300 тысяч барэляў за дзень, а ў канцы кастрычніка - 350 тысяч.

Пасля пачатку вайны ва Украіне Турцыя стала адным з ключавых імпарцёраў расейскай нафты, разам з Індыяй і Кітаем забіраючы барэлі, ад якіх адмовіліся краіны Еўропы. У сярэдзіне кастрычніка пастаўкі ў Турцыю дасягнулі рэкордных у гісторыі 380 тысяч барэляў за дзень і 2,5 раза перавысілі аб'ёмы студзеня.

Праз паўтара месяца нафтавы экспарт у Турцыю сціснуўся на 45%, хаця Анкара і афіцыйна і не далучылася да «граніцы цаны». На агульных аб'ёмах продажу расейскіх нафтавікоў турэцкае «падзенне», зрэшты, не адбілася.

Паводле звестак Bloomberg, на мінулым тыдні танкеры вывозілі з марскіх партоў 2,89 млн барэляў за дзень – на 220 тысяч больш, чым тыднем раней. Аб'ёмы экспарту ў Азію дасягнулі рэкордных 2,19 млн барэляў за дзень у сярэднім за апошнія чатыры тыдні.

Даход бюджэту ад экспарту нафты, тым не менш, падае далей, абнаўляючы мінімум з пачатку вайны: зборы вывазных мытаў на нафту трымаюцца ніжэй за 120 млн даляраў трэці тыдзень запар, хоць у канцы верасня перавышалі 150 млн даляраў штотыдзень.

Нафтавікі і бюджэт цярпяць ад падзення цаны расейскага гатунку Urals, які з пачатку лістапада патаннеў амаль на 30% - удвая больш, чым паўночнаморская марка Brent. Цана барэля пры адпраўцы з портаў Наварасійска і Прыморска ўпала да 52 даляраў - узроўню канца 2020 года пасля таго, як нешматлікія астатнія пакупнікі пачалі патрабаваць павелічэння збавак амаль да 40%.

Апошнія навіны