BE RU EN

Аляксандр Фрыдман: У Крамлі хочуць паказаць Лукашэнку ягонае месца

  • 30.11.2022, 10:16

Раптоўная смерць Макея ўзмацніла рэзананс версій аб падрыхтоўцы ліквідацыі дыктатара.

Пра тое, што можа стаяць за інфармацыяй аб падрыхтоўцы Крамлём ліквідацыі Лукашэнкі, «Філін» паразмаўляў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

- Слівы аб магчымым зняцці або нават ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі працягваюцца. Цяпер яму ўзгадалі гісторыю з картай, якая стала мэмам. Нібыта ён паказаў на ёй тое, чаго не трэба было паказваць - рэальныя планы Расеі ў захопе не толькі Украіны, але і Малдовы.

Як вы думаеце, каму выгадна менавіта зараз сеяць гэтыя чуткі? І ці ёсць для гэтага сур'ёзная нагода?

- У нас ёсць толькі гіпотэзы аб тым, хто за гэтым можа стаяць. Ёсць розныя варыянты. Напрыклад, паступова пачаў рэагаваць беларускі бок - праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі сцвярджае, што за гэтым стаіць заходняя вайсковая прапаганда. Падобная думка прасочваецца і ў розных пракрамлёўскіх тэлеграм-каналах.

Ёсць і іншая версія, якая мае аўтарства беларускага боку. Што гэта нейкая беларуская "аперацыя" з мэтай "палепшыць" стаўленне да Лукашэнкі.

Адзінае, што мне ў гэтай версіі замінае: адна справа, казаць аб адхіленні ад улады, але каб сам Лукашэнка прыдумаў, што яго нехта сур'ёзна збіраецца забіць? Канешне, тэарэтычна такое магчыма, што ён гуляе з такімі рэчамі. Але вельмі ўжо неверагодна выглядае такая камбінацыя.

І трэці варыянт - расейскі.

Калі спыніцца на версіі аб Крамлі, я б назваў тут некалькі прычын. Першае - ад Лукашэнкі, напэўна, усё ж чакаюць больш рэзкіх крокаў. Ён увесь час ужывае саюзніцкую рыторыку, але пры гэтым паўтарае, што беларускі бок у вайне наўпрост удзельнічаць не будзе. Напэўна Маскве гэта не падабаецца.

Напэўна, не падабаецца і тое, што ён робіць, пра што яго просяць, але ўласнай ініцыятывы не праяўляе. Пры гэтым дэманструе, што робіць гэта вымушана. Маўляў, інакш ніяк, у нас такія саюзніцкія, партнёрскія стасункі з Расеяй. І не тое, каб ён асабліва неяк падкрэсліваў, што так званая «адмысловая ваенная аперацыя» - гэта нашая справа, за якую мы выступаем.

Магчыма, у Крамлі хочуць паказаць Лукашэнку ягонае месца, каб ён пахваляваўся, каб памятаў пра чырвоныя лініі. Каб ён выконваў і тыя загады, якія яму не падабаюцца. Трэба разумець, што калі нейкая змова і рыхтуецца, то гэта не той выпадак, калі пра гэта будуць так паведамляць.

Можа быць, дарэчы, што гэта нейкія разборкі ў беларускіх сілавых структурах, накіраваныя супраць Аляксандра Вальфовіча і Станіслава Зася, якія фігуравалі ў гэтых слівах, каб яны не атрымалі нейкай пасады. Магчыма, усё выглядае вось так банальна.

Калі вярнуцца да крамлёўскай версіі, то сёння, як мне падаецца, ліквідацыя Лукашэнкі ад улады не ў інтарэсах Расеі. Па-першае, не факт, што атрымаецца. Па-другое, калі і атрымаецца, то ніхто не ведае, якія будуць наступствы ў самой Беларусі.

Апошнія навіны