BE RU EN

Лукашысты забіваюць святара Багамольнікава на Акрэсціна

  • 30.11.2022, 9:08

Стан здароўя айца Уладзіслава значна пагоршыўся.

Былы намеснік дырэктара ў навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа "Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі" Сяргей Гаранін, які ў пачатку лістапада, трапіўшы пад аблаву ў акадэмічных структурах, правёў 10 дзён на Акрэсціна, напісаў поўны абурэння і роспачы допіс у «Фэйсбуку», у якім б'е трывогу пра здароўё і лёс свайго былога сукамерніка, айца Уладзіслава Багамольнікава, якога днямі адправілі адбываць у нечалавечых умовах ужо сёмы запар адміністрацыйны тэрмін.

«Учора майму былому сукамерніку, айцу Уладзіславу Багамольнікаву, далі сёмы тэрмін на Акрэсціна і, з маіх падлікаў, сядзіць ён ужо 89-ы дзень. Пра гэта я даведаўся сёння днём.

Акрэсціна - гэта не турма, а ЦІП. Таму ўмовы там надзвычай жорсткія, значна горшыя за ўсе іншыя беларускія вязніцы і зоны. Гэта накшталт гаўптвахт былога савецкага войска.

Але ж на Акрэсціна доўга і не сядзяць! Чалавек такіх умоў фізічна не вытрымлівае. Ён памрэ. Так, я ведаю аб «каруселях». Я таксама ведаю, што яны сядзяць шмат-шмат тыдняў. І бачыў такіх. Але тры месяцы…

Да таго ж стан здароўя айца Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нямоглая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх адчуваюцца… дык гэта калі было!!! А зараз?! Да таго ж, ён і галадоўку трымаў…

Уладзіслаў чалавек мужны, і трымаецца ён з годнасцю і моцна. Падтрымлівае іншых. Зрабіць яму яны нічога не могуць. Таксама выставіць яму нічога нельга. Ну, правёў ён літыю па Раману Бандарэнку - дык што? Гэта пастарскі абавязак...

Таму… яны яго забіваюць. Фізічна. Я зразумеў гэта і напісаў. Я закрычаў ад болю і жаху! Так у іншым месцы забіваюць яны не першы месяц Мікалая Статкевіча

Так часам рабілася ў сярэднявечнай Бізантыі - ужо вы мне паверце, я ведаю! Чалавека саджалі ў вязніцу, трымалі ў невыносных умовах (хоць трохі кармілі), потым невылечна хворага выпускалі, а праз некалькі дзён ён паміраў. Так бы мовіць, «сам». І дзяржава тут ні пры чым…

Праваслаўнага святара айца Уладзіслава Багамольнікава забіваюць на Акрэсціна. Я - сведка! Чуеце? - Сведка!

Алё, праваслаўнае святарства! Наступнымі будзеце вы! Алё, Ваша Святасць мітрапаліт Веніямін! Гэты грэх будзе і на вашым сумленні…

Лёгачныя інфекцыі, на якія хварэе зараз Уладзіслаў, не вылечваюцца на раз-два. Я кашляю і праз месяц пасля вызвалення. Лекар на Акрэсціна не аглядае пацыентаў, а размаўляе з імі праз прыадчыненую кармушку. На Акрэсціна няма лякарні. Працэс можа прыняць незваротны характар.

Пра гэта трэба казаць, пісаць, крычаць! Праваслаўнага святара айца Уладзіслава Багамольнікава забіваюць на Акрэсціна!».

Апошнія навіны