BE RU EN

Францыя выправіла Украіне аналаг HIMARS

  • 29.11.2022, 19:23

Парыж адправіў Кіеву РСЗА LRU.

Украіна атрымала ад Францыі яшчэ адну рэактыўную сістэму залпавага агню LRU, паведаміў міністр абароны Аляксей Рэзнікаў.

«Чацвёрты брат Long Hand Family [так называюць дальнабойныя сістэмы], LRU з Францыі, прыбыў ва Украіну! Украінскае войска цяпер яшчэ больш магутнае для стрымлівання і знішчэння ворага», – напісаў ён.

Паводле ягоных словаў, перадача французскага ўзбраення УСУ – «гэта бачны вынік сяброўства» прэзідэнтаў Украіны і Францыі Уладзіміра Зяленскага і Эмануэля Макрона.

Раней Украіна атрымала дзве такіх РСЗА. Пра гэта сказаў міністр абароны Францыі Себасцьян Лекарню 20 лістапада. Таксама Кіеву перадалі дзве батарэі ЗРК Crotale і 18 гаўбіцаў Caesar. Лекарню адзначыў, што Францыя ўваходзіць у топ-5 краінаў у аб'ёме дапамогі Украіне. «Мы з'яўляемся адным з найбуйнейшых донараў з € 550 млн з агульнай сумы € 3 млрд», – удакладніў ён.

LRU ўяўляе з сябе мадэрнізаваны аналаг HIMARS на гусенічным ходзе і стаіць у адным шэрагу з іншымі сучаснымі РСЗА – амерыканскімі M270 MLRS і нямецкімі MARS II, якія таксама ёсць ва Украіны. Далёкасць палёту снарадаў LRU складае не менш за 80 км. Спадарожнікавая сістэма навігацыі і кіравання гарантуе высокую дакладнасць трапляння. У кастрычніку аналітыкі праекту Oryx адзначалі, што ў Францыі ёсць 12 установак LRU і яшчэ 40 не мадэрнізаваных LRM M270 захоўваюцца на складах.

Апошнія навіны