BE RU EN

Таблоіды: Такаеў прынізіў Пуціна ў Маскве, а дыктатар дзіўна тузаў нагамі

  • 29.11.2022, 13:50

Казахстанскі прэзідэнт не ўдастоіў расейскага кіраўніка асаблівай увагай.

Сусветныя таблоіды абмяркоўваюць чарговае з'яўленне на публіцы Уладзіміра Пуціна: яго халодную сустрэчу ў Маскве з прэзідэнтам Казахстана Касымам-Жамартам Такаевым, падчас якой расейскі дыктатар да таго ж ізноў дзіўна тузаў нагамі, піша «Новое время».

26 лістапада ў Казахстане адбылася інаўгурацыя Касыма-Жамарта Такаева, пераабранага прэзідэнтам на другі тэрмін. А ўжо ўвечары 27 лістапада Такаеў прыехаў у Маскву, дзе 28 лістапада правёў шэраг сустрэч, у тым ліку перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Сусветныя таблоіды - ад Вялікай Брытаніі (Daily Mirror) да Новай Зеландыі (NZ Herald) - выявілі некалькі прыкмет таго, што казахстанскі прэзідэнт не ўдастоіў расейскага дыктатара асаблівай увагай або тым больш павагай - насуперак сімвалічнасці візіту Такаева ў Крэмль як першай паездкі пасля інаўгурацыі. Daily Mirror піша, што меркаваны хаўруснік прадэманстраваў «грэблівае» стаўленне да Пуціна: да прыкладу, ён адмаўляўся сустракацца поглядам з дыктатарам і не ўступаў з ім у дыялог на публіцы без крайняй неабходнасці.

Размова ідзе аб некалькіх эпізодах адкрытых пратакольных падзей візіту Такаева ў Маскву. Так, падчас цырымоніі падпісання дэкларацыі з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных стасункаў паміж РФ і Казахстанам 69-гадовы Такаеў сеў перад Пуціным і не стаў з ім размаўляць.

Калі ж кіраўнікі дзвюх дзяржаў падпісалі дэкларацыю перад камерамі і абмяняліся дакументамі, Такаеў толькі на імгненне падняў сваю папку, каб журналісты маглі зрабіць фота, і паспяшаўся перадаць яе памочнікам, пакінуўшы Пуціна недарэчна пазіраваць з папкай у адзіноце.

Прэзідэнт Казахстана праявіў падкрэсленую халоднасць да расейскага дыктатара і падчас брыфінгу для СМІ, калі абодва яны селі перад журналістамі. «Пачаць?» - спытаў Пуцін Такаева, на што той толькі коратка кінуў: «Так», - нават не гледзячы на свайго візаві.

Аналагічна падчас публічнай часткі Форума рэгіёнаў Расеі і Казахстана Такаеў ні разу не павярнуўся да Пуціна, які сядзеў побач, і фармальна вымавіў сваю ўступную прамову. Хоць расейскі дыктатар, спрабуючы павіншаваць Такаева з пераабраннем, ці ледзь не ўпершыню правільна вымавіў (а дакладней прачытаў) яго імя і імя па бацьку (Касым-Жамарт Кемялевіч), а таксама паварочваўся да суразмоўцы, імаверна, шукаючы яго рэакцыі. «Калі Пуцін віншаваў Такаева, здавалася, казахстанскі лідар наўмысна адвёў погляд ад распальвальніка вайны», – мяркуюць журналісты Daily Mirror.

І хоць Пуцін апеляваў да «асаблівага тыпу стасункаў» РФ і Казахстана, такія стасункі ніяк не праяўлялі сябе ў невербальнай камунікацыі яго госця, рэзюмуе газета. Больш за тое, Такаеў заявіў Пуціну, што хаця ён нібыта «задаволены тым, як развіваецца супрацоўніцтва паміж краінамі», у той жа час «трэба глядзець наперад, і менавіта з гэтай мэтай я прыбыў сюды».

Кароткі глядзельны кантакт паміж імі ўстанавіўся толькі на секунды - падчас поціску рукі і абмену дакументамі.

Як і NZ Herald, брытанскі таблоід таксама звяртае ўвагу на «азызлы» твар Пуціна і той факт, што седзячы ў крэсле падчас сустрэчы з Такаевым, ён зноў няёмка і дзіўна паторгваў ступнямі ног – звычка або неабходнасць, якую раней ужо не раз заўважалі за дыктатарам журналісты. Такія паводзіны дыктатара газеты часам інтэрпрэтуюць як прыкмету магчымых праблем са здароўем Пуціна.

Апошнія навіны