BE RU EN

Беларусь пакінула культавая выкладчык ліцэя БДУ

  • 29.11.2022, 9:56

Паводле інфармацыі СМІ, пастанова была прынятая праз палітычны ціск.

Выкладчыца беларускай літаратуры Марына Казлоўская пакінула Беларусь, калі ўзнікла пагроза ейнай свабодзе. «Усе 18 гадоў у мяне было адчуванне, што я дома, я на сваім месцы», - напісала яна ў шчымлівым развітальным допісе.

Марына Казлоўская была не проста папулярнай, а культавай выкладчыцай ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Педагог ад Бога, закаханая ў беларускую літаратуру», — гавораць пра яе выпускнікі ўстановы.

Прычын звальнення і выезду з краіны Казлоўская не называе. Яна пакуль абмежавалася допісам у «Фэйсбуку» і не размаўляе са СМІ.

Сябры гавораць, што гэта вынік палітычнага ціску.

«З яе хваробай яна разумела, што ў турме без лекаў яна не выжыве, а так, можа, і перажыве гэтых упіраў», - сказала «Нашай Ніве» ейная сяброўка.

«Ліцэй БДУ пачаўся для мяне, калі мне было пятнаццаць. Пачаўся выпадкова, як і ўсе лёсавызначальныя падзеі, - напісала Марына Казлоўская ў сябе ў фэйсбуку. - Паводле ўсіх законаў логікі я не павінна была паступіць, але паступіла, павінна была вылецець пасля першай сесіі, але не вылецела.

Ліцэй сапраўды навучыў мяне вучыцца і задаў вышыню, якой я гадамі мерала сваё жыццё.

Адная з маіх самых запаветных мараў - вярнуцца працаваць у ліцэй. Гэта спраўдзілася, хаця і не адразу.

І ўсе наступныя 18 гадоў у мяне было адчуванне, што я дома, я на сваім месцы, я раблю ў жыцці нешта сапраўды значнае і асэнсаванае, укладаючыся ў будучыню краіны, якую люблю. Гэта давала адчуванне асалоды ад настаўніцтва, якім бы цяжкім часам яно ні было, радасці сустрэчы з людзьмі, якіх я люблю і з якімі мне пашчасціла пражываць жыццё разам.

Думаю, што ніколі не змагла б сама адмовіцца ад усяго гэтага. Але давялося.

Дарагія калегі, шчыра дзякую, што ўсе гэтыя гады вы вучылі, падказвалі, дапамагалі, суперажывалі і падтрымлівалі. Для мяне было радасцю і гонарам працаваць з вамі. Беражыце сябе.

Дарагія дзеці, мне вельмі шкада, што нашыя размовы пра літаратуру скончаныя. Але гэта не значыць, што вы не можаце чытаць, думаць, абмяркоўваць, любіць і расці над сабой. Ніхто не можа вам гэтага забараніць. І ў вас усё яшчэ выручай-пакой.

Дарагія выпускнікі, неўзабаве мне вельмі спатрэбіцца ваша дапамога. Трэба толькі крыху звыкнуць да майго новага становішча.

Што ж, як бы ні было балюча, жыццё працягваецца. На жаль, не ў Беларусі. Але я абавязкова вярнуся. Будзьма!» - падводзіць вынік Марына Казлоўская.

«Твае дзеці - найлепшыя! Так працаваць з чалавечымі душамі - найвышэйшае майстэрства».

«Сустракаюся перыядычна з вашымі вучнямі і ведаю, як яны ганарацца тым, што вы былі іх Выкладчыцай!»

«Канец эпохі... дзякуй вам за вас!»

«Дзякуй за адзін з самых каштоўных урокаў, якія засталіся ў мяне з ліцэйскага жыцця!»

«Я вельмі ўдзячная вам за тыя гады ў Ліцэі, і ведаю, што ў вас усё атрымаецца, што б вы ні задумалі!» - так адгукнуліся на навіну яе былыя вучні і калегі.

Апошнія навіны