У Новай Кахоўцы пасля выбухаў гарыць мост каля ГЭС
- 7.10.2022, 10:45
HIMARS зладзілі «феерверк» для акупантаў.
Жыхары Новай Кахоўкі на Херсоншчыне паведамляюць пра магутныя выбухі, якія суправаджаюцца яркімі «феерверкамі» ў раёне плаціны Кахоўскай ГЭС. У горадзе перыядычна знікае электрычны ток.
Пра гучны «пляскач» у Кахаўскім раёне паведамляюць херсонскія тэлеграм-каналы. Выбухі, падчас якіх у гараджанаў міргала электрычнасць, былі чуваць увечары 6 кастрычніка.
Праз некалькі хвілінаў пасля «прылётаў» на тэрыторыі Херсонскай вобласці была абвешчаная паветраная трывога.
Канал «Мікалаеўскі Ванёк», які публікуе праўдзівую інсайдарскую інфармацыю з паўднёвага фронту, пацвярджае траплянне паблізу Кахоўскай ГЭС. У сеціве таксама з'явілася відэа, знятае відавочцамі, на якім зафіксаванае полымя, што ахапіла апоры моста, і яркае зарыва ў начным небе на фоне вадасховішча.
Таксама апублікаваныя фота калоны расейскай ваеннай тэхнікі, заўважанай сёння днём на вуліцы Горкага ў Новай Кахоўцы. Амерыканскі аглядальнік, ветэран арміі ЗША Джоні Сікс, які займаецца трэкінгам зброі і баёў на аснове маніторынгу больш як 1400 каналаў, сцвярджае, што праз 10 хвілінаў пасля руху ў бок пераправы гэтая калона была разбітая ў раёне Кахоўскай ГЭС. Аднак дакладных фота- і відэапруфаў знішчэння менавіта гэтай тэхнікі ў цяперашні час няма.
Абноўлена: інфармуюць таксама пра пажар і выбухі ў раёне Каланчака – гэты населены пункт у Скадоўскім раёне знаходзіцца прыкладна за 60 км ад Новай Кахоўкі і больш за 100 км ад найбліжэйшых пазіцый УСУ.
Акрамя таго, ёсць паведамленні пра вечаровыя «плескачы», якія чулі ў наваколлях Херсона: у вобласці прадаўжаецца контрбатарэйны двубой артылерыі.