BE RU EN

«Забарона на падвышэнне коштаў - наўпроставы шлях да татальнага дэфіцыту»

  • 6.10.2022, 19:37

Эканамісты - пра магчымыя наступствы ад забароны на падвышэнне коштаў.

У Беларусі з 6 кастрычніка ўводзяць забарону на падвышэнне коштаў. Такую пастанову чыноўнікі прынялі на фоне рэкорднай інфляцыі, якая з'ядае рост заробкаў і пенсій. Экспэрты «Кошту ўрада» ацанілі магчымыя наступствы ад такога новаўвядзення. Калі коратка: то ў доўгатэрміновай перспектыве гэтае абмежаванне можа негатыўна адбіцца даслоўна на ўсіх - і на насельніцтве, і на бізнэсе, і агулам на эканоміцы.

Калі б увядзенне забарон на падвышэнне коштаў было эфектыўным захадам, то ва ўсім свеце не было б інфляцыі. Ці яна трымалася на нізкім узроўні. Падвышэнне цэн - гэта не сквапнасць або жаданне прадаўцоў, якія хочуць разбагацець. Ва ўмовах рынкавай нармальнай канкурэнцыі прадаўцы шукаюць спосабы зніжэння коштаў, каб іх прадукцыя выглядала больш канкурэнтаздольнай. Гэта ім выгадна, каб павялічваць даход, - адзначаюць экспэрты «Кошту ўрада». - Калі ў Беларусі растуць кошты, то такая макраэканамічная сітуацыя ў краіне.

Эканамісты перакананыя, што поўная забарона на падвышэнне коштаў не будзе працаваць.

«Татальная забарона на падвышэнне коштаў - наўпроставы шлях да татальнага дэфіцыту. Ніводны бізнэсовец не будзе прадаваць тавар танней, чым ён каштуе, - адзначаюць экспэрты «Кошту ўрада». - Не выключана, што ў продажы з'явіцца тавар больш горшай якасці. Або гандаль будзе прадаваць старыя тавары пад выглядам новых. Такое раней ужо было. Але калі шчылін не будзе, то гэта наўпроставы шлях да скарачэння асартыменту».

Яшчэ адно з магчымых негатыўных наступстваў - значны скачок інфляцыі пасля скасавання забароны на падвышэнне коштаў або частковых паслабленняў, мяркуюць экспэрты.

У гэтай сітуацыі абмежаванні росту коштаў - нагода для бізнэсу задумацца, ці варта працаваць у такіх варунках. «У першую чаргу гэта тычыцца невялікіх прыватных кампаній, - удакладняюць экспэрты. - Таксама гэтыя абмежаванні прывядуць да скарачэння працоўных месцаў, зніжэння ўзроўню заробкаў. Гэта значыць, можа агулам негатыўна паўплываць на эканоміку».

На пытанне, чаму чыноўнікам так важна ўтаймаваць інфляцыю, уводзячы абмежаванні, эканамісты тлумачаць:

«Ёсць умоўны сацыяльны кантракт паміж чыноўнікамі і насельніцтвам: мы вам стабільнасць забяспечым з чаркай і скваркай, а вы не лезеце не ў сваю справу. А ва ўсім свеце так не робяць, бо ўсім зразумела, што гэта так не працуе».

Апошнія навіны