BE RU EN

23-гадовага палітвязня з Кобрына прысудзілі да двух гадоў калоніі

  • 5.10.2022, 12:54

Кірыл Давідзюк сарваў лукашэнкаўскі сцяг.

3 кастрычніка ў Кобрынскім судзе вынесены прысуд паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў») палітвязню Кірылу Давідзюку за сарваны лукашэнкаўскі сцяг, які вісеў каля ўваходу ў краму, піша «Вясна».

Хлопца затрымалі 29 ліпеня 2022 года ў Кобрыне. Ён заходзіў у краму і галавой зачапіў чырвона-зялёны сцяг, які вісеў на ўваходзе. Кірыл яго сарваў і кінуў на зямлю. Яго дзеянні зафіксавала камера відэаназірання крамы.

Пасля затрымання Кірылу змясцілі ў Баранавіцкае СІЗА № 6. Судовае пасяджэнне мела выязны фармат на тэрыторыі Кобрынскага РАУС і доўжылася адзін дзень. Пракурор запытаў пакаранне тэрмінам 1 год і 6 месяцаў калоніі. Паводле папярэдняй судзімасці Кірыл меў неадбыты тэрмін на паўтара года «хатняй хіміі». Шляхам складання тэрмінаў дзяржабвінаваўца запытаў пакаранне два гады калоніі.

Кобрынскі суд 3 кастрычніка прызнаў Кірылу Давідзюка вінаватым паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржсімвалаў») і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.

Адрас для лістоў Кірылу Давідзюку: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В.

Апошнія навіны