BE RU EN

Аліна Стэфановіч: Перад маім выступам у Нью-Ёрку прагучала «Жыве Беларусь!»

  • 3.10.2022, 21:38

Беларускія праваабаронцы атрымалі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам Клуні «За справядлівасць».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам Клуні «За справядлівасць». Беларускіх праваабаронцаў адзначылі ў намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі».

Прэмію прымала Аліна Стэфановіч – жонка палітвязня, праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча. Яна падзялілася з «Радыё Рацыя» сваімі ўражаннямі наўпрост з Нью-Ёрку:

- Гэтая прэмія – прызнанне усёй той працы, той дапамогі людзям, якую «Вясна» рабіла цягам 26 гадоў.

- Варта прыгадаць, што шасцёра «вясноўцаў» зараз знаходзяцца за кратамі. Гэта Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк.

- Прэмію, вядома, далі не таму, што людзі за кратамі, хоць, зразумела, што тую цану, што плацяць хлопцы і дзяўчаты за тое, што яны займаліся правамі чалавека, дапамагалі людзям, гэта сапраўды вельмі высокая цана, што і адзначалі стваральнікі гэтай прэміі Фонд «Клуні за справядлівасць» Джордж і Амаль Клуні. І ёсць вялікі спадзеў, што такое прыцягненне ўвагі да Беларусі пакідае Беларусь у агульнай глабальнай павестцы, і што гэта дапаможа праваабаронцам выйсці раней на волю.

- Ці пыталіся ў вас пра Беларусь, дзе яна знаходзіцца? Як па вашых адчуваннях, ці ведаюць у Нью-Ёрку пра праблемы Беларусі?

- Па маіх адчуваннях, дастаткова добра праблемы Беларусі гучаць. Ёсць адчуванне, што сярод абедзьвюх асноўных партыяў існуе кансэнсус наконт Беларусі, і ёй зацікаўлены дапамагчы. І перад маім выступам, перад тым, як я зачытала ліст Валянціна, які ён здолеў даслаць з турмы, я пачула: «Жыве Беларусь!». Таму, відавочна, пра Беларусь ведаюць.

- Як выглядае зараз сітуацыя з затрыманымі праваабаронцамі?

- Справы выглядаюць не надта аптымістычна. Прад’явілі лідарам «Вясны» новае абсурднае абвінавачанне. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Але Валянцін не губляе аптымізму, ён піша, што ганарыцца тым, што ён дапамагаў людзям. І што гэта ў пэўным сэнсе прызнанне ягонай працы.

Апошнія навіны