BE RU EN

Лукашэнка запатрабаваў «мабілізаваць усіх»

  • 3.10.2022, 13:44

Беларускіх школьнікаў збіраюцца адправіць на сельгасработы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад новых старшынь райвыканкамаў, назначаных на пасады 3 кастрычніка, правесці мабілізацыю ўсіх, нават навучэнцаў, на сельгасработы, паведамляе ягоная прэс-служба. На думку беларускага дыктатара, такая праца і «бацькам у радасць, і дзіцяці добрая фізічная падрыхтоўка».

Лукашэнка запатрабаваў якасна і ў тэрмін скончыць уборачную кампанію, прынамсі, па ўборцы бульбы, цукровых буракоў, кукурузы на зерне, лёну.

«Мабілізуйце ўсіх», — заявіў ён. Ён падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі работнікаў аграпрамысловых прадпрыемстваў, пры неабходнасці можна і трэба прыцягваць да ўборкі ўраджаю навучэнцаў, а тое, як яму далажылі, у некаторых школах забаронена прыцягваць вучняў да такіх работ.

«Вялікай дзікасці, Ігар Пятровіч, я ўявіць не магу. Мы неяк спрабуем выхаваць нашых школьнікаў, дзяцей. На чым вы будзеце [выхоўваць]? Балбатнёй? Балбатнёй не выхаваеш», - звярнуўся ён да кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сяргеенкі.

Дыктатар мяркуе, што досвед ранейшых гадоў, калі падлеткі і моладзь дапамагалі сельгаспрадпрыемствам убіраць ураджай, быў станоўчы.

Пры гэтым праваабаронцы зважаюць на недапушчальнасць выкарыстання прымусовай працы дзяцей.

Праблема выкарыстання дзіцячай працы ў Беларусі актуалізавалася пасля трагічнага здарэння ў Маладзечанскім раёне некалькі гадоў таму. На калгасным полі сельгаспрадпрыемства «Усход-Агра» падчас збору бульбы грузавік наехаў на 13-гадовую школьніцу. У выніку атрыманых траўм дзяўчынка загінула на месцы.

Апошнія навіны