Міністр абароны ЗША: Вызваленне УСУ места Лімана – значная падзея
- 2.10.2022, 18:31
ЗША вельмі натхнёныя тым, што цяпер робяць Узброеныя сілы Украіны.
Вызваленне места Лімана Данецкай вобласці - гэта значная падзея, і Злучаныя Штаты Амэрыкі вельмі натхнёныя тым, што цяпер робяць Узброеныя сілы Украіны.
Такую заяву зрабіў міністр абароны ЗША Лойд Остын падчас прэсавай канферэнцыі ў Ганалулу.
- Ліман служыў расейскай лініяй забеспячэння, і яны выкарыстоўвалі гэтыя маршруты, каб перакідаць людзей і матэрыялы на поўдзень і на захад. А без гэтых маршрутаў будзе больш складана. Так што перад расейцамі паўстае нешта накшталт дылемы, - заявіў ён.
Кіраўнік Пэнтагона таксама пракаментаваў асцярогу, што прагрэс УСУ на полі бою ўзмоцніць магчымую эскалацыю вайны, у тым ліку патэнцыйнае ўжыванне Расеяй ядзернай зброі:
- Што гэта азначае з пункту гледжання патэнцыйнай эскалацыі, я не буду спекуляваць на гэтым. Але для поля бою гэта азначае, што ўкраінцы далей прагрэсуюць і ствараюць праблемы для расейцаў, якія ім давядзецца разглядаць. І зноў жа, нас усіх мае натхніць тое, што мы бачым.