BE RU EN

Паміж Грэцыяй і Балгарыяй запрацаваў газаправод, які памяняе правілы гульні на рынку

  • 1.10.2022, 12:49

Рэгіён зможа вызваліцца ад расейскага газу.

Газаправод паміж Балгарыяй і Грэцыяй пачаў працаваць з 1 кастрычніка. Інтэрканктар IGB зменіць правілы гульні на рынку і дазволіць вызваліцца ад залежнасці ад расейскага газу.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на паведамленне прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляен у Twitter.

«Гэты трубаправод мяняе правілы гульні для Балгарыі. Гэта таксама ключавы ўнёсак у энэргетычную бяспеку Еўропы. У Еўропы ёсць усё неабходнае, каб вызваліцца ад расейскага выкапнёвага паліва», – сказала яна на цырымоніі адкрыцця газаправода.

Трубаправод пройдзе ад Камаціні ў Грэцыі да Стара-Загора ў Балгарыі.

Праект коштам 240 млн еўраў злучае Балгарыю з Паўднёвым газавым калідорам і трансадрыятычным трубаправодам (TAP). Гэта дасць магчымасць ажыццяўляць пастаўкі з розных крыніцаў у краіны Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку Малдову і Украіну.

Даўжыня трубаправода IGB складае 182 км, з якіх 31 км прыпадае на тэрыторыю Грэцыі. Тэхнічная магутнасць – 3 млрд кубаметраў за год. Ёсць магчымасць павялічыць яго да 5 млрд кубаметраў за кошт будаўніцтва кампрэсарнай станцыі на тэрыторыі Грэцыі, што дазволіць забяспечыць і рэверс.

Акрамя таго, вядуцца будаўнічыя працы на будучым тэрмінале звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) у Александруполісе недалёка ад Камаціні.

Раней Балгарыя задавальняла больш за 90% сваіх патрэбаў імпартам расейскага газу. Пасля адмовы плаціць Расеі рублямі, «Газпрам» цалкам прыпыніў пастаўкі газу кампаніі «Булгаргаз». Тады Балгарыя пачала пробныя пастаўкі газу з Азербайджана. Грэцыя пакрывала блізу 40% гадавых запатрабаванняў расейскім газам.

Апошнія навіны