BE RU EN

ЕЗ ухваліў выкарыстанне таблетак ад COVID-19

  • 27.01.2022, 21:59

Таблеткі прызначаны для пацыентаў з групы рызыкі.

Еўразвяз ухваліў для экстраннага прымянення выкарыстанне таблетак «Пакславід» ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19 для пацыентаў з групы высокай рызыкі. Пра гэта паведамляецца на сайце еўрапейскага медыцынскага рэгулятара. Гэта першы ўхвалены ў Еўропе прэпарат ад хваробы, які прымаецца пераральна.

Інгібітар пратэазы+рытанавір ужо быў ухвалены ў ЗША 23 снежня. Паводле вынікаў даследавання, праведзенага кампаніяй, ён зніжае рызыку шпіталізацыі і смерці ў пацыентаў з групы высокай рызыкі на 89 працэнтаў.

Аднак даследаванне праводзілася на невакцынаваных пацыентах і з яго не зразумела, якая эфектыўнасць прэпарата ў вакцынаваных. З паведамлення еўрапейскага рэгулятара вынікае, што выпрабаванні ў Еўропе паказалі падобную эфектыўнасць. Але там не ўдакладняецца, ці былі пацыенты прышчэплены ці не.

Да канца года Pfizer плануе вырабіць да 50 мільёнаў доз «Пакславід». Пасля адабрэння рэгулятарам, краіны ЕЗ павінны дачакацца ад яго рэкамендацыі да выкарыстання, перш чым іх жыхарам можна будзе выпісваць таблеткі. Мяркуецца, што прэпарат будзе прапісвацца толькі пацыентам з рызыкай цяжкага працякання каранавіруснай інфекцыі.

ЕЗ разглядае заяўку яшчэ аднаго вытворцы лекаў, фармацэўтычнага гіганта Merck&Co. Аднак ухвала іх прэпарата «Малнупіравір» зацягнулася пасля таго, як кампанія перагледзела звесткі аб яго эфектыўнасці, знізіўшы ацэнку ўдвая.

Апошнія навіны