Кіраўнік Мінабароны Нямеччыны: Мы не забыліся, што Расея – агрэсар
- 27.01.2022, 16:56
Нарошчванне Крамлём войскаў на мяжы з Украінай парушае правіла мірнага суіснавання.
Урад Нямеччыны падтрымлівае Украіну на фоне дээскалацыі з боку Расеі і не забывае аб тым, хто напраўду з'яўляецца агрэсарам.
Пра гэта заявіла кіраўніца Мінабароны Нямеччыны Крысцін Ламбрэхт на прэс-канферэнцыі з брытанскім калегам Бэнам Уолесам у Берліне, піша «Еўрапейская праўда».
«Нямеччына і Брытанія падтрымліваюць Украіну рознымі шляхамі, мы маем агульную пазіцыю што да незаконнай анэксіі Крыма Расеяй. Нарошчванне Расеяй войскаў на мяжы з Украінай парушае правіла мірнага суіснавання. Мы не забыліся, што Расея з'яўляецца агрэсарам. Масква не мае права вета на пастановы яе суседзяў і гэта застаецца адным з асноўных прынцыпаў еўрапейскай бяспекі», - сказала Ламбрэхт.
Яна таксама адзначыла, што Нямеччына плануе і ў далейшым надаваць дапамогу Украіне накшталт 5000 ахоўных шлемаў, якія Берлін плануе перадаць.
«Мы на баку Украіны. Мы прафінансавалі палявы шпіталь на суму звыш 5 млн еўраў, мы адны з першых, калі размова ідзе аб падтрымцы развіцця і супрацоўніцтве, мы далі 1,7 млрд (з 2014 года, - рэд.), напрыклад, на энэргетычныя праекты і праекты водазабеспячэння», - сказала міністр.
Уолес у сваю чаргу сказаў, што не вельмі спадзяецца на зрухі ў дыпламатычных перамовах Захаду з Крамлём і «не аптымістычны» наконт таго, ці ўдасца ўтрымаць Пуціна ад новай агрэсіі супраць Украіны.
Нагадаем, NATO ў сераду паралельна з ЗША перадало расейскаму боку свае пісьмовыя прапановы ў бяспецы ў адказ на патрабаванне Крамля. У дакуменце выкладзены тры сферы, дзе NATO бачыць прастору для прагрэсу ў стасунках з РФ.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у сераду таксама раскрыў дэталі адказу Вашынгтона на патрабаванні Расеі аб так званых «гарантыях бяспекі». Масква пацвердзіла, што атрымала адказ.