BE RU EN

У космасе выявілі загадкавую крыніцу энэргіі

  • 26.01.2022, 21:30

Аб'ект успыхвае тры разы на гадзіну.

Астраномы Аўстраліі выявілі невядомы феномен, які спараджае гіганцкі выкід энэргіі тры разы на гадзіну. Гэтая касмічная з'ява не падобна ні на што, з чым навукоўцы сутыкаліся раней. Пра гэта паведамляецца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Nature.

Даследчыкі мяркуюць, што загадкавай крыніцай выбліскаў з'яўляецца нейтронная зорка ці белы карлік са звышмагутным магнітным полем. Гэты аб'ект, магчыма, круціцца, выпускаючы струмень выпраменьвання, які перасякае лінію назірання з Зямлі і на працягу хвіліны становіцца самай яркай радыекрыніцай у небе. Сам аб'ект знаходзіцца на адлегласці прыкладна чатырох тысяч светлавых гадоў ад Зямлі.

Аб'екты, якія мяняюць яркасць, і знікаюць з бачнасці, называюцца транзіентамі. Павольныя пераходныя працэсы, такія як звышновыя, могуць з'яўляцца і знікаць на працягу некалькіх месяцаў. Да хуткіх транзіентаў належаць успышкі, якія спараджаюцца нейтроннымі зоркамі і якія доўжацца некалькі мілісекунд або секунд.

Са слоў навукоўцаў, назіранні адпавядаюць астрафізічнаму аб'екту, званаму магнітарам са звышдоўгім перыядам. Гэта разнавіднасць нейтроннай зоркі з экстрэмальна моцным магнітным полем, якая павольна верціцца. Верагодна, ён нейкім чынам пераўтварае магнітную энэргію ў радыёхвалі значна больш эфектыўна, чым астраномы назіралі раней.

Апошнія навіны