BE RU EN

Чэмпіянат Беларусі масава пакідаюць футбалісты

  • 21.01.2022, 19:51

Турнір ужо страціў мінімум паўсотні ігракоў.

Усе лідары беларускага футбола страцілі сваіх асноўных гульцоў: тыя аддаюць перавагу выступам у больш стабільных краінах, піша «Белсат».

Беларускія клубы ўжо не могуць плаціць гульцам на ранейшым узроўні, і чэмпіянат дэградуе, нават яшчэ не стартаваўшы. Шмат якія каманды былі вымушаныя знізіць гульцам заробак. Усе беларускія клубы не былі выпушчаныя на замежныя зборы: яны вымушаныя рыхтавацца да сезону ў не самых спрыяльных і камфортных умовах. Не дзівіць, што ў такіх акалічнасцях геаграфія месцаў, куды з’ехалі гуляць з чэмпіянату Беларусі, моцна пашырылася.

Чэмпіён рыхтуецца ў Менску і можа забыць пра былы шык

Чэмпіён скарачае заробкі і замест Турцыі працуе на зборы ў Менску. Раней «Шахцёр» бескантрольна выдаткоўваў сотні тысяч даляраў, цяпер жа не можа дазволіць сабе шмат плаціць. Клуб пакінулі легіянеры – Дарбо, Сёке, Іванавіч, Вукманіч, Антыч, і беларусы, якія не пагадзіліся на паніжэнне заробку: Кендыш, Гутар і Стасевіч. На змену ім запрашаюць гульцоў з ніжэйшымі запытамі, як братоў Кабышавых, якія раней гулялі ў першай лізе за магілёўскі клуб «Дняпро».

Кіраўнік БАТЭ хадзіў на інагурацыі, але яму гэта не дапамагло

Яшчэ больш сумная сітуацыя ў барысаўскім БАТЭ. Кіраўнік клубу Андрэй Капскі наведваў таемную інаўгурацыю Лукашэнкі, а цяпер нават не можа прыняць самастойнага рашэння датычна галоўнага трэнера клубу. У Міністэрстве спорту забаранілі прызначыць галоўным трэнерам Кірыла Альшэўскага. Той зрабіўся нядобранадзейны пасля таго, як падтрымаў Аляксандра Івуліна. Нядзіўна, што клуб пакінулі практычна ўсе стылестваральныя гульцы: галкіпер Чычкан, абаронца Волкаў, паўабаронца Карасёў перабраліся ў Расею, гулец зборнай Беларусі Яблонскі выбірае паміж Казахстанам і Польшчай, Лазарчык – у Чэхіі, а 33-гадовы Павел Няхайчык абвясціў пра завяршэнне гульнёвай карʼеры. Форвард Дзмітрый Юсаў будзе выступаць у адэскім «Чарнаморцы», яшчэ адзін нападнік, Мікалай Сігневіч, будзе выступаць у Грэцыі.

Лукашэнка папрасіў застацца, але афрыканскі футбаліст уцёк пры першай магчымасці

Менскае «Дынама» – пад надзейнай апекаю міліцыі: менавіта БФСТ «Дынама» валодае клубам. Летась Лукашэнка на адкрыцці новага стадыёну клубу звярнуўся да легіянера каманды Жана По: маўляў, толькі не ўцякай з Беларусі, дыктатуры ў нас няма. Гулец зʼехаў у адпачынак і ў Беларусь ужо не вярнуўся, аддаўшы перавагу кантракту з перадапошняю камандай Егіпту. Гэтак сама зрабіў адзін з лідараў клубу і зборнай Уладзіслаў Клімовіч, які зʼехаў у Вугоршчыну. Украінец Бацула, таксама адзін з лідараў каманды, вярнуўся на радзіму. А гафбэк Сялява падпісаў кантракт з «Растовам».

Зайцаў ужо не можа шмат выдаткоўваць на футбол

Найбольшыя страты – у берасцейскага «Руху», яго на ранейшым узроўні ўжо не можа фінансаваць гаманец Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў. Пра іх мы ўжо пісалі, на сёння берасцейскую каманду пакінулі 12 асноўных гульцоў. А замест Турцыі клуб рыхтуецца да сезону ў пінскім манежы.

Куды яшчэ зʼязджаюць з Беларусі

Футбалісты з чэмпіянату Беларусі зʼехалі ўжо ў 12 краін. Самыя папулярныя варыянты – Расея, Украіна ды Ізраіль. Але ёсць і іншыя. Абаронца «Руху» Арцём Рахманаў будзе выступаць за «Астану» з Казахстану і рыхтуецца да сезону ў Турцыі. Украінец з беларускім правам на жыхарства Аляксандр Наёк жыве і выступае на Кіпры, былы гулец ФК «Менск» Майкл Лопэс паехаў гуляць у Фінляндыю, ёсць цяпер беларусы ў Чэхіі ды Вугоршчыне, а самы дзіўны варыянт працягу карʼеры абраў форвард «Крумкачоў» Іван Верас, які паехаў выступаць на Мальдывы і падпісаў кантракт з клубам «Юнайтэд Віктары».

Апошнія навіны