BE RU EN

ЗША распрацавалі пакет «вельмі балючых» санкцый супраць Расеі

  • 20.01.2022, 15:40

Пастанова ўжо прынятая.

Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба расказаў, што ЗША распрацавалі пакет «вельмі балючых» санкцый супраць Расеі, якія могуць нанесці разбуральны ўдар па яе эканоміцы ў выпадку агрэсіі супраць Украіны.

Пра гэта ён заявіў падчас онлайн-брыфінгу.

«Я не магу раскрываць усе дэталі, бо на гэты момант на фінішнай прамой ідзе праца ва ўзгадненні дзеянняў паміж Злучанымі Штатамі і іх еўрапейскімі хаўруснікамі, і вельмі важна ёй не нашкодзіць. Але прынцыпова, што пастанова ў Вашынгтоне ўжо прынятая: ЗША гатовыя ўжыць усю магутнасць сваіх эканамічных і фінансавых інструментаў, каб перакрыць кісларод расейскай эканоміцы і расейскім багатырам», — адзначыў Кулеба.

19 студзеня Байдэн заявіў, што Расею чакаюць катастрафічныя наступствы, калі Пуцін наважыцца пачаць вайсковае ўварванне ва Украіну.

З канца кастрычніка Расея сцягвае войскі да ўкраінскіх межаў. Заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што расейскае ўварванне ва Украіну можа адбыцца ў пачатку 2022 года, да гэтага прыцягнуць амаль 175 тысяч вайскоўцаў РФ.

Сакратар Рады нацбяспекі і абароны Аляксей Данілаў заявіў, што ўлады Украіны не бачаць наўпроставай пагрозы ўварвання Расеі. У пачатку снежня міністр абароны Аляксей Рэзнікаў сказаў, што новая хваля ваеннай агрэсіі РФ супраць Украіны можа пачацца ў канцы студзеня 2022 года.

У МЗС РФ кажуць, што не рыхтуюць уварванне ва Украіну і «не збіраюцца ні на кога нападаць». Пры гэтым Крэмль патрабуе ад ЗША і NATO гарантый неўступлення Украіны ў Альянс.

Апошнія навіны