У Польшчы вецер перакульвае фуры: ураган ідзе ў Беларусь?
- 20.01.2022, 12:02
Сіноптыкі расказалі пра надвор'е ў канцы гэтага тыдня.
У пачатку тыдня Польшчу накрыў шквальны вецер, які нават перакульвае фуры. Цяпер ён, здаецца, прыляцеў у Беларусь. Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі.
Ураган у Польшчы
Нядаўна па ўсёй Польшчы абвясцілі штармавое папярэджанне. Праз падзенне дрэў і абрыву ліній без электразабеспячэння засталіся больш за 50 тысяч чалавек. Былі паведамленні аб сарваных элементах даху ці ўсяго даху, перадае RMF24. Акрамя таго, праз непагадзь некалькі чалавек патрапілі ў лякарні.
А пад Варшавай шквальны парыў перакуліў фуру.
Нагадаем, што 14 студзеня і беларусам было цяжкавата: некаторыя паказвалі цуды ўхілення ад дахаў.
А 17 студзеня праз няпростыя варункі надвор'я ў Нацыянальным аэрапорце Мінск з узлётна-пасадачнай паласы выкаціўся пасажырскі самалёт.
Аранжавы ўзровень небяспекі ў Беларусі
На 20 студзеня беларускія сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі па большай частцы краіны праз паўднёва-заходні вецер парывамі да 15-20 м/с.
МНС папярэдзіў беларусаў, што магчыма ўзнікненне такіх надзвычайных сітуацый, як дарожна-транспартныя здарэнні, павелічэнне няштатных сітуацый на сістэмах жыццезабеспячэння і энэгетыкі, пажараў у жылых дамах, адключэнне электрычных падстанцый, электраэнэргіі ў населеных пунктах, пашкоджанне (падзенне), збудаванняў, падзенне дрэў, здарэнні на водных аб'ектах.
Агулам 20 студзеня сіноптыкі прагназуюць пахмурна з праясненнямі. У многіх раёнах кароткачасовыя ападкі (снег, мокры снег), завіруха. Месцамі слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Максімальная тэмпература паветра -2.. +2°С.
Што чакаць 21-22 студзеня?
Як паведамляе Белгідрамет, 21-22 студзеня варункі надвор'я будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, які перамяшчаецца з Фінскага затокі на Маскоўскую вобласць Расеі. Будзе пераважаць воблачнае надвор'е.
21 студзеня часам пройдзе снег; месцамі чакаецца завіруха, на дарогах галалёдзіца. Вецер заходняй чвэрці парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы -3..-8°С, удзень 0..-6°С.
22 студзеня часам па краіне прагназуецца снег, слабая завіруха. На асобных адцінках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, паўночны парывісты. Тэмпература паветра ноччу -3...-10°С, удзень -1..-7°С.