BE RU EN

У Партугаліі распачатае расследаванне аб выдачы грамадзянства Раману Абрамовічу

  • 19.01.2022, 10:47

Расейскі алігарх стаў грамадзянінам гэтай краіны паводле так званай праграмы вяртання.

Пракуратура Партугаліі пачала расследаванне праз выдачу грамадзянства гэтай краіны расейскаму алігарху Раману Абрамовічу. Гэта ўжо другая праверка ў гэтым пытанні.

Са слоў прадстаўніка пракуратуры, следчыя мерапрыемствы праводзяцца аддзелам крымінальных расследаванняў Лісабона, паведамляе DW.

Супрацоўнік не ўдакладніў, што менавіта стала прычынай для запуску працэдуры.

Тыднем раней аб унутраным расследаванні ў гэтым пытанні апавясціў партугальскі Інстытут рэгістрацыі і натарыята (IRN), які выконвае паслугі ў афармленні грамадзянства і выдачы пашпартоў.

Прадстаўнікі алігарха пакуль ніяк не пракаментавалі праверку пракуратуры.

Расследаванні ў Партугаліі пачаліся на фоне крытыкі з боку шэрагу актывістаў, экспэртаў і палітыкаў, якія выказвалі меркаванне, што партугальскі Закон аб вяртанні павінен быць перагледжаны, бо, на іх думку, ён выкарыстоўваецца алігархамі з трэціх краін, каб замацавацца ў ЕЗ.

Абрамовіч стаў грамадзянінам Партугаліі ў пачатку 2022 года дзякуючы партугальскаму Закону аб вяртанні, які дазваляе «нашчадкам сефардскіх габрэяў і габрэяў канверса (гвалтоўна вернутых у хрысціянства — Рэд.) атрымаць партугальскае грамадзянства».

Прадстаўнік кампаніі Millhouse, якая кіруе актывамі Абрамовіча, сцвярджаў, што мільярдэр шмат гадоў вывучаў гісторыю сваёй сям'і і "з дапамогай рабінаў і лідараў супольнасцяў у некалькіх краінах" выявіў, што частка ягоных продкаў калісьці прыехала ў Расею з Партугаліі.

Паводле версіі Forbes, Раман Абрамовіч займае 12-е месца ў спісе найбагацейшых расейскіх бізнэсоўцаў, ягонае багацце ацэньваецца на 14,5 мільярдаў даляраў.

Апошнія навіны