BE RU EN

«Можаце застацца надоўга»: што кажуць расейскім вайскоўцам перад адпраўкай у Беларусь

  • 19.01.2022, 16:10

Са звестак CIT, гаворка ідзе пра больш як 10 тысяч вайскоўцаў РФ.

Такой масавай перакідкі расейскіх войскаў з Далёкага Усходу ў Еўропу, у тым ліку ў Беларусь, раней яшчэ не быў. Пра гэта журналістам заявіў Кірыл Міхайлаў, удзельнік даследчага праекта Conflict Intelligence Team, піша telegraf.by.

«З Далёкага Усходу зараз едзе вялікая колькасць рознай тэхнікі – танкавыя, мотастралковыя падраздзяленні. Нашы заходнія калегі мяркуюць, што гаворка аб 10-15 батальённа-тактычных групах - гэта спецыяльныя падраздзяленні ў складзе расейскіх злучэнняў. Яны ўкамплектаваны кантрактнікамі і ўважаюцца за найбольш баяздольных і гатовых да такіх перакідак», - заявіў Міхайлаў.

Паводле ягоных слоў, пры ўмове, што ўсе яны едуць у Беларусь, размова можа ісці пра больш як 10 тысяч вайскоўцаў.

«Са слоў каментароў у сацыяльных сетках, сапраўды большасць нібыта едзе на вучэнні ў Беларусь, але ёсць і пра тое, што едуць на мяжу з Беларуссю ці нават на Данбас - гэта можа значыць Растоўскую вобласць Расеі», - адзначыў экспэрт.

Аднак значная частка дакладна накіроўваецца ў Беларусь, і тое, што мы бачылі ўчора, - гэта мусіць не апошнія кадры прыбыцця расейскіх войскаў. Расейскі намеснік міністра абароны ўжо заявіў, што часткі Усходняй вайсковай акругі прымуць удзел у вучэннях на тэрыторыі Беларусі.

Са слоў Міхайлава, «на нашай памяці ў такіх маштабах гэта адбываецца ўпершыню». Нешта падобнае адбывалася толькі ў 2015 годзе, «калі з Бураціі перакідвалі танкістаў і мотастралкоў, якія бралі ўдзел у вайне на ўсходзе Украіны зімой 2015 года, у баях за Дэбальцава». У Расеі цяперашнюю перакідку войскаў «тлумачаць тым, што войска павінна быць гатова да ўсялякіх пазаштатных сітуацый, калі, напрыклад, могуць спатрэбіцца ўсе сілы на заходнім кірунку».

Як доўга будуць у Беларусі?

«Але калі казаць пра расейскія практыкі, то ёсць такая практыка — не выводзіць войскі пасля вучэнняў. Такое было на Паўночным Каўказе ў 2008 годзе і на мяжы з Украінай у 2014 годзе, калі вайскоўцаў пасля вучэнняў не сталі вяртаць у месцы пастаяннай дыслакацыі, а потым яны зайшлі ва Украіну», - заявіў Міхайлаў.

Паводле ягоных прагнозаў, у Беларусі пасля абвешчаных вучэнняў можа застацца тэхніка і частка асабовага складу

«Людзям з розных падраздзяленняў, якія накіроўваюцца ў Беларусь, зараз кажуць рознае. Камусьці - што яны едуць на 2 месяцы, камусьці - што на паўгода, а камусьці - што на 9 месяцаў. Хтосьці думае, што гэта вучэнні, а хтосьці - што будзе вайна», - заявіў ён.

Што тычыцца развіцця падзей, то экспэрты не выключаюць «цалкам апакаліптычныя версіі, што будзе наступ з поўначы на Кіеў, але іншая версія - што іх роляй будзе адцягваць на сябе частку ўкраінскіх войскаў і не дазволіць ім перакінуць усё ў зону меркаваных баявых дзеянняў на ўсходзе краіны».

Апошнія навіны