BE RU EN

Палітвязень Вадзім Плаўскі выйшаў на волю

  • 17.01.2022, 17:24

Яго пераследавала вядомая ў Гародні прыхільніца Лукашэнкі.

Палітычны зняволены Вадзім Плаўскі выйшаў на волю 17 студзеня. Жыхар Гародні быў асуджаны на 1,5 гады пазбаўлення волі паводле справы «белых стужак», паведамляе «Белсат».

30 кастрычніка 2020 года ён забраў дачку з садка і гуляў з ёй у скверы, дзе на дрэвах і парэнчах віселі белыя стужкі. Да іх падышла прадстаўніца руху «нтывандал-Гродна» і вядомая ў горадзе прыхільніца Лукашэнкі і Пуціна Вольга Бондарава.

ВОЛЬГА БОНДАРАВА

Яна пачала здымаць мужчыну на тэлефон, калі ён пачаў адыходзіць ад яе - пачала яго пераследаваць. Адбыўся канфлікт, Плаўскі паваліў Бондараву на зямлю. Яна напісала заяву, у выніку гарадзенца судзілі за «хуліганства» (арт.339 КК РБ).

За гэта яго асудзілі на 1,5 гады «хатняй хіміі», але неўзабаве прысуд замянілі на больш жорсткі - «хімію з накіраваннем». Пакаранне Вадзім Плаўскі адбываў у ВК-15 у Магілёве. Дома яго чакаюць двое непаўналетніх дзяцей.

Тыдзень таму, 11 студзеня, выйшаў на волю яшчэ адзін палітвязень з Гародні, які пацярпеў праз Бондараву - Васіль Пілец. Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Ваўкавыску (ВУАТ №29).

14 снежня 2020 года ён гуляў з сынам і сабакам на дварэ. Убачыў, што Бондарава і яе паплечнік зафарбоўваюць на тратуары нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, Пілец сарваў маску з паплечніка лукашысткі, перакуліў слоік з фарбай. За гэта яго судзілі на 1,5 гады «хатняй хіміі», а неўзабаве прысуд замянілі на больш жорсткі - год калоніі.

Чым вядомая Вольга Бондарава?

Пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 года яна хадзіла па горадзе разам з іншымі «актывістамі» і паведамляла органам пра ўсе развешаныя бел-чырвона-белыя сцягі і налепкі.

Фігурантка некалькіх палітычных спраў, якія заводзіліся на людзей, якія развешвалі ў Гародні сцягі, стужкі ці вывешвалі сцягі на сваім балконе. За гэта яны былі пакараныя рэальнымі тэрмінамі ці штрафамі.

Сама Бондарава некалі таксама прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці - за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.

Прыходзіла з камерай на Кірава, 3, дзе размяшчаліся «Цэнтр гарадскога жыцця» і крама з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць». Пасля гэтага там адбыліся ператрусы.

Цяпер актыўна займаецца пошукам новых «ворагаў»: адсочвае ў інтэрнэце і сацсетках людзей з бел-чырвона-белымі фатаграфіямі ці аватаркамі, ці актывістаў разнастайных грамадскіх ініцыятываў і арганізацый, і піша на гэтых людзей даносы. Праз такія даносы да людзей прыходзілі з ператрусамі, касаваліся розныя культурныя мерапрыемствы і канцэрты з удзелам гэтых людзей.

Актыўна збірала подпісы за знясенне крыжоў у Курапатах, напрыклад, крыжа ў памяць Вацлава Ластоўскага.

Настойліва прапаноўвала гарадзенскім уладам знесці пахаванні польскіх жаўнераў, якія ў 1939 годзе ваявалі з саветамі, калі тыя прыйшлі ў Гародню.

Прыходзіла ў Фарны касцёл Гародні з камерай і спрабавала справакаваць ксяндза.

Прыходзіла ў галоўны праваслаўны храм Гародні - Свята-Пакроўскі сабор і абуралася абразамі, якія там вісяць з 2007 года. На абразах – выявы пакутнікаў, якія загінулі ад пераследу савецкай улады, а таксама выявы жаўнераў Чырвонай Арміі.

Бондарава вядомая сваімі прарасейскімі поглядамі. Выходзіла на мітынгі са сцягам Расейскага ўльтраправага руху НОД і «георгіеўскімі стужкамі». Увесь час перамагае ў сваіх каналах групы накшталт «Пуцін - наш прэзідэнт» і такое.

Апошнія навіны