BE RU EN

Гурт АВВА паказаў свае аватары, якія выйдуць замест іх на сцэну падчас сусветнага турнэ

  • 4.09.2021, 17:46

На лічбавых копіях артыстам на выгляд - гадоў 30-35.

Папулярны швэдскі поп-гурт АВВА, які ўз'яднаўся праз 40 гадоў пасля распаду дзеля новага альбома і будучага сусветнага турнэ, паказаў лічбавыя аватары салістаў калектыву - 71-гадовай Агнэты Фельтског, 76-гадовага Б'ёрна Ульвеўса, 74-гадовага Бені Андэрсана і 75-гадовай Ані-Фрыд Лінгстад, паведамляе gordonua.com.

На афіцыйным запісе гурта ў Instagram 4 верасня з'явіліся аватары кожнага з салістаў АВВА. На лічбавых копіях ім на выгляд гадоў 30-35, яны апранутыя ў камбінезоны з люмінесцэнтнай падсветкай.

«Пазнаёмцеся з лічбавымі аватарамі Агнэты, Б'ёрна, Бэні і Ані-Фрыд, якія з'явяцца на канцэрце ABBA Voyage», - гаворыцца ў подпісе да фота.

Пару дзён таму ў часе адмысловага стрыму на сваім YouTube-канале музыкі распавялі, што будучае сусветнае турнэ, якое стартуе 22 траўня 2022 года ў Лондане, будзе праходзіць у незвычайным фармаце. Замест непасрэдна салістаў АВВА на сцэне будуць іх лічбавыя копіі, якія атрымалі назву «АВВАтары».

У стварэнні віртуальных выканаўцаў браў удзел знакаміты галівудскі рэжысёр, стваральнік кінаэпапеі «Зорныя войны» Джордж Лукас.

Кантэкст:

ABBA - адзін з самых паспяховых гуртоў у гісторыі поп-музыкі, запісы якога па ўсім свеце разышліся накладам больш за 350 млн экзэмпляраў. Гурт быў створаны ў 1972 годзе і праіснаваў 10 гадоў. Назву калектыў атрымаў з першых літар удзельнікаў - Агнэта Фельтског, Б'ёрн Ульвеўс, Бэні Андэрсан, Ані-Фрыд Лінгстад.

Гурт быў першым прадстаўніком кантынентальнай Еўропы, які здабыў першыя месцы ў чартах усіх вядучых ангельскамоўных краін - ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Ірландыі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. За выдатныя заслугі ў музыцы ў сакавіку 2010 года гурт быў уключаны ў Залу славы рок-н-ролу.

У дыскаграфіі гурта ўсяго восем альбомаў. У 1982-м АВВА распалася. У 2000 годзе музыкам прапаноўвалі $1 млрд за ўз'яднанне і сусветнае турнэ, але яны адмовіліся. 2 верасня 2021 года стала вядома пра ўз'яднанне АВВА, праз амаль 40 гадоў пасля распаду.

Апошнія навіны