Аўтар афіцыйнага сайта НХЛ: Шаранговіч зарабіў рэпутацыю снайпера, які прагрэсуе
- 29.09.2021, 16:09
Цяпер ён зарабіў месца ў першым звяне.
Аўтар афіцыйнага сайта НХЛ Павел Стрыжэўскі ацаніў развіццё беларускага нападніка «Нью-Джэрсі» Ягора Шаранговіча.
«Мінулы сезон у Ягора Шаранговіча атрымаўся ва ўсіх сэнсах больш насычаным, чым у пераважнай большасці калегаў. Пачынаў ён яго ў менскім «Дынама» (КХЛ запусціла свой чэмпіянат на чатыры месяцы раней НХЛ), і ў 34 матчах паспеў забіць 17 галоў. Дзіўны рывок для форварда, які за два папярэднія гады падчас выступу ў АХЛ за «Бінгемтон Дэвілз» у 125 матчах закінуў усяго 19 шайб.
Вялікая заслуга ў гэтым скоку належыць Крэйгу Вудкрафту - канадскаму трэнеру менчукоў, якога нядаўна прызначылі і на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Беларусі, і ягонаму памочніку Міхаілу Грабоўскаму.
Шаранговіч не проста прабіўся ў аснову праз трэніравальны лагер - ён зарабіў месца ў першым звяне з Джэкам Х'юзам. Няма сэнсу адмаўляць, што гэта істотна паўплывала і на ягоную выніковасць, і на развіццё цалкам.
Атрымлівалася ў Шаранговіча не ўсё і не адразу. Пасля эфектнага дэбюту з тым самым голам «Бостану» ў овертайме, свой наступны гол Ягор забіў толькі праз месяц. Цягам зімы для яго не было рэдкасцю правесці на лёдзе ўсяго 8-10 хвілін за матч.
Канчаткова зарабіць давер Ліндзі Рафа яму ўдалося толькі ў сакавіку, з якога і пачаўся ягоны найбольш ўдалы адрэзак. У заключных 14 матчах чэмпіянату Ягор набраў 13 (7+6) балаў, гуляючы па 18 хвілін за матч і рэалізуючы нейсаверныя 23,3% кідкоў у створ.
Паколькі летам у Шаранговіча скончыўся кантракт пачаткоўца, «Дэвілз» з радасцю інвеставалі $4 млн у тое, каб захаваць сваю ўзыходзячую зорку на два наступныя гады. У АХЛ Ягор зарабіў рэпутацыю адказнага абарончага форварда, у Менску - працаўніка, гатовага вучыцца і расці, у «Нью-Джэрсі» - снайпера, які дадае ў майстэрстве», - прыводзіць словы Стрыжэўскага «БХ».