BE RU EN

Эканаміст: Беларускія банкі амаль страчваюць здольнасць крэдытавацца

  • 23.09.2021, 21:17

Санкцыі «не працуюць».

Расея - крэдытор апошняй інстанцыі не толькі для дзяржавы, але і для беларускіх камерцыйных банкаў. Як санкцыі паўплываюць на банкаўскую сістэму, высвятляем у праграме на «Белсаце».

Беларусы пачалі выносіць з банкаў свае дэпазіты. Як на ўвесь гэты працэс паўплывалі санкцыі? Тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«З аднаго боку, валютная пазіцыя камерцыйных банкаў пагаршаецца за кошт таго, што насельніцтва выносіць дэпазітныя пасівы. З іншага боку, магчымасць традыцыйнага канала недзе за мяжой атрымліваць гэтыя грошы, у сувязі з санкцыйным ціскам, таксама моцна абмяжоўваецца. Прычым менавіта фінансавыя санкцыі, з майго пункту гледжання, значна больш важныя за сектаральныя па прадпрыемствах. Бо яны працуюць наўпрост і ўплываюць на сэрца эканомікі».

Гэта азначае, што праз санкцыі банкі амаль страчваюць здольнасць крэдытавацца і перакрэдытавацца. І не трэба забываць, што рэсурсная база банкаў уплывае на іх устойлівасць і магчымасць крэдытаваць рэальны сектар эканомікі.

«Ёсць ужо інфармацыя, хоць пакуль яна не моцна пацверджаная, што «Deutsche Bank» мае намер закрыць «Беларусбанку» карэспандэнцкія рахункі ў далярах, еўрах, фунтах. Значыць, сітуацыя такая, што спіс банкаў-карэспандэнтаў, з якімі працуюць беларускія банкі, даволі моцна скарачаецца. Там усё менш сур'ёзных сусветных банкаў і ўсё больш нейкіх дзіўных расейскіх банкаў», - дадае спецыяліст.

Буйным банкам ужо не цікава сачыць кожны дзень за змяненнем санкцый і рызыкаваць істотнымі стратамі.

Апошнія навіны