BE RU EN

Андрэй Суздальцаў: Уся сістэма кіравання ў Беларусі «цячэ» неймаверна

  • 23.09.2021, 15:10

Усе беларускія «схемы» для абыходу заходніх санкцый будуць аператыўна раскрытыя.

Сёння Лукашэнка паскардзіўся на тое, што на беларускіх прадпрыемствах прысутнічаюць шпіёны (са слоў Лукашэнкі, «мярзотнікі») «калектыўнага Захаду», якія «свядома і за грошы» інфармуюць зацікаўленыя, мабыць, спецслужбы, пра падрыхтоўку на беларускіх прадпрыемствах, якія трапілі пад заходнія санкцыі, шляхі абыходу ўведзеных абмежаванняў, піша расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў у сваім Telegram-канале. Гэта ўсё вельмі цікава, бо перад намі адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі Лукашэнка кажа праўду:

1. Сапраўды, на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь, а таксама ў міністэрствах, спецслужбах і ў блізкім атачэнні Лукашэнкі цяпер вядзецца актыўны пошук «схем» абыходу ўведзеных Захадам санкцый. Гэта не таямніца і сёння Лукашэнка фактычна пацвердзіў, што такая праца Менскам праводзіцца. Пры гэтым варта нагадаць, што ў гэтым выпадку, такога кшталту дзейнасць з'яўляецца традыцыйнай для беларускага істэблішменту. Да прыкладу, ніводнае з падпісаных з РФ пагадненняў не абмінула лёсу быць абыдзеным. Толькі Менск нешта падпісваў з расейскім «сыравінным прыдаткам», дык адразу створаная група спецыялістаў па «схемах» тут жа пачынала шукаць варыянты абыходу абавязацельстваў беларускага боку. І чым «больш хітра» «разводзілі» партнёра з РФ, тым больш было гонару і пашаны ў беларускай наменклатуры. Так што Лукашэнка фактычна пацвердзіў, што Беларусь пад ягоным кіраўніцтвам актыўна шукае магчымасць усіх падмануць;

2. Сапраўды, утаіць штосьці ў Беларусі практычна немагчыма. Уся сістэма кіравання цячэ неймаверна. І ўсе «схемы» абыходу санкцый амаль імгненна становяцца і стануць вядомымі ініцыятарам санкцыяў. Прычым, варта нагадаць, што карпарацыі і фірмы, якія гатовыя прыйсці «на дапамогу» беларускім «партнёрам», выракаюць сябе на ўключэнне ў санкцыйны спіс. Так што каштоўнасць інфармацыі пра «схемы» каласальная, але паўторым, што закрыць усе «злівы» немагчыма. Занадта шмат у структурах кіравання працуе людзей, якія ненавідзяць кіроўны рэжым і шукаюць магчымасць яму нашкодзіць. І наўрад ці хто з гэтых людзей ва ўмовах мінімальнай рызыкі адмовіць сабе ў задавальненні падкінуць Лукашэнку і ягонай хунце «дохлага ката». Улічваючы, што беларусы - прыродныя падпольшчыкі, раскрыць «мярзотнікаў» ды «шпіёнаў» практычна немагчыма.

Вядома, Лукашэнка можа палохаць і пагражаць, але можам яго абнадзеіць, што ўсе беларускія «схемы» абыходу заходніх санкцый будуць аператыўна раскрытыя пры садзейнічанні грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць, як скардзіўся Лукашэнка, «сваю грамадзянскую пазіцыю». І як з гэтым жыць беларускай хунце? Ды проста: трэба змяніць краіну...

Апошнія навіны