BE RU EN

У Нямеччыне расце колькасць нелегалаў, якія праз беларуска-польскую мяжу прарываюцца ў ЕЗ

  • 22.09.2021, 10:18

Большасць з іх – грамадзяне Ірака.

У нямецкай федэральнай зямлі Брандэнбург расце колькасць нелегальных пераходаў праз мяжу з Польшчы. За першую палову верасня там затрыманыя блізу 400 замежнікаў, якія спрабавалі перасячы мяжу незаконна. Столькі ж спробаў было зарэгістравана за ўвесь жнівень, паведаміў у сераду, 22 верасня, тэлеканал rbb24 са спасылкай на папярэднія звесткі Міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны, паведамляе "Нямецкая хваля".

Яшчэ 125 нелегалаў заехалі ў краіну ў мінулыя выходныя ў раёне Франкфурта-на-Одэры, які цяпер уважаецца за цэнтр нелегальнай іміграцыі ў ФРГ праз Беларусь і Польшчу, паказваецца далей. Федэральная паліцыі Нямеччыны сказала каналу rbb24, што блізу 75 адсоткаў затрыманых нелегалаў прыбылі да гэтага ў Польшчу менавіта праз Беларусь ці Літву. Большасць з іх – грамадзяне Ірака.

Федэральная паліцыя ФРГ бачыць "сувязь паміж сітуацыяй на нямецка-польскай мяжы ў Брандэнбургу і сітуацыяй уздоўж польска-беларускай мяжы". Яна паведаміла, што "стварае матэрыяльныя і тэхнічныя рэзервы для ўжывання неабходных захадаў". Так, на тэрыторыі ўправы Федэральнай паліцыі ў Франкфурце-на-Одэры ўжо размешчаныя намёты і прыбіральні для бежанцаў.

Апошнія навіны