BE RU EN

Міжнародныя арганізацыі пачалі кампанію за вызваленне беларускіх палітвязняў

  • 17.09.2021, 19:51

У кампаніі бяруць удзел 20 міжнародных і беларускіх арганізацый.

У першую гадавіну пачатку беспрэцэдэнтнага пераследу супрацоўнікаў праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Беларусі 20 міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый абвясцілі пра пачатак кампаніі з патрабаваннем вызвалення семярых затрыманых сяброў «Вясны», адначасова прыцягваючы ўвагу міжнароднай супольнасці да цяжкага становішча сотняў іншых затрыманых і зняволеных у турму выключна за ажыццяўленне свайго права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання.

«Сёння спаўняецца год з тых часоў, як беларускія ўлады пачалі сваё бессаромнае паляванне на ведзьмаў у дачыненні да «Вясны», адвольна затрымаўшы Марфу Рабкову, каардынатарку валанцёраў гэтай праваабарончай арганізацыі. У наступныя месяцы яшчэ шэсць сябраў «Вясны» былі кінутыя за краты і неабгрунтавана абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах за выкананне сваёй законнай праваабарончай дзейнасці», - паказалі Amnesty International, Frontline Defenders, Human Rights Watch і іншыя арганізацыі.

Сёння спаўняецца год з тых часоў, як беларускія ўлады пачалі сваё бессаромнае паляванне на ведзьмаў у дачыненні да «Вясны», адвольна затрымаўшы Марфу Рабкову, каардынатарку валанцёраў гэтай праваабарончай арганізацыі

Ніжэй прыводзіцца спіс затрыманых і выстаўленне ім абвінавачванняў паводле Крымінальнага кодэкса Беларусі:

Марфа Рабкова, каардынатарка валанцёрскай сеткі «Вясны», была затрыманая 17 верасня 2020 года і з таго часу знаходзіцца ў следчым ізалятары. Ёй былі выстаўленыя абвінавачванні ў «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках», «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, учыненай групай асоб», а таксама ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі». Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Андрэй Чапюк, Валанцёр «Вясны» ў Менску, затрымалі 2 кастрычніка 2020 года паводле абвінавачвання ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» і «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі». Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага філіяла «Вясны», быў затрыманы па дарозе ў офіс 18 студзеня 2021 года. Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу дзясяткам жыхароў Гомельскай вобласці, якія былі затрыманыя і абвінавачаныя ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Таццяна Ласіца, актывістка «Вясны» ў Гомелі, была затрыманая 21 студзеня 2021 года на абвінавачванне ў «арганізацыі або ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Іншая валанцёрка гомельскага аддзялення «Вясны», Марыя Тарасенка, была затрыманая 18 студзеня 2021 года. Яе пратрымалі пад вартай тры дні і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе з краіны.

Усім тром сябрам гомельскага аддзялення «Вясны», Леаніду Судаленку, Таццяне Ласіцы і Марыі Тарасенцы, выстаўленае абвінавачванне ў «арганізацыі, фінансаванні, навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. У выпадку прызнання вінаватымі ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

16 лютага 2021 года супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў правялі ператрусы ў аддзяленнях «Вясны» ў Менску, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Берасці і іншых гарадах, а таксама ў дамах іх супрацоўнікаў. У сакавіку 2021 года Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да «Вясны» згодна з арт. 342 КК («арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях»).

Нарэшце, 14 ліпеня 2021 года пасля рэйдаў на больш за дзясятак буйных арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый, у тым ліку «Вясну» былі затрыманыя старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, сябры праўлення «Вясны» Валянцін Стэфановіч і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч. Усім ім выставілі абвінавачванні згодна з арт. 342 і ч. 2 арт. 243 КК («ухіленне ад выплаты падаткаў»), што прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі.

Рэпрэсіі супраць «Вясны» - толькі частка больш маштабных рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Толькі 22 ліпеня 2021 года Мінюст загадаў зачыніць 53 грамадскіх арганізацыі. Цяпер больш за 200 арганізацый грамадзянскай супольнасці ўжо зачыненыя або знаходзяцца ў працэсе закрыцця.

«Урад Аляксандра Лукашэнкі адкрыта атакуе мірных дэманстрантаў і таемна судзіць тых, хто іх абараняе. Яго фіктыўныя «працэсы» праводзяцца ў закрытым ад публікі рэжыме, каб не паказваць абсурднасць абвінавачванняў і не дапускаць сведак. Урад прымушае адвакатаў, якія прадстаўляюць мірных дэманстрантаў, маўчаць, інфармацыі аб бягучых судовых працэсах вельмі мала. Але нават у гэтым выпадку мы можам быць упэўненыя ў адным: гэтыя сем праваабаронцаў невінаватыя па ўсіх абвінавачваннях, і мы патрабуем іх неадкладнага вызвалення», - заявілі арганізацыі.

Урад Аляксандра Лукашэнкі адкрыта атакуе мірных дэманстрантаў і таемна судзіць тых, хто іх абараняе. Яго фіктыўныя «працэсы» праводзяцца ў закрытым ад публікі рэжыме

Ёсць асцярогі, што ні адзін з супрацоўнікаў або валанцёраў «Вясны» не стане перад справядлівым судом. Да прыкладу, Уладзіміру Лабковічу не давалі доступ да адваката на працягу некалькіх дзён пасля затрымання. Ёсць таксама асцярогі з нагоды ўмоў утрымання зняволеных пад вартай, бо большасці праваабаронцаў не дазваляюцца тэлефонныя званкі або наведванне сябраў сям'і, а іх перапіска часта блакуецца.

Сумесная кампанія міжнародных праваабарончых арганізацый #FreeViasna з патрабаваннем неадкладнага вызвалення «сямёркі» з «Вясны» заклікае ўлады Беларусі:

Цалкам выконваць свае міжнародныя абавязанні ў галіне правоў чалавека як краіны - удзельніцы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паважаць права на свабоду асацыяцыі, мірных сходаў і выказвання меркаванняў усіх людзей у Беларусі

Цалкам паважаць і абараняць працу праваабаронцаў і забяспечваць, каб кожны меў права скардзіцца на палітыку і дзеянні асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў, а таксама прапаноўваць і падаваць прафесійна кваліфікаваную юрыдычную дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў абароне правоў чалавека і асноўных свабод

У адпаведнасці з гэтымі абавязаннямі неадкладна і безумоўна вызваліць Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Таццяну Ласіцу, Леаніда Судаленку, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, зняць абвінавачванні з іх, з Марыі Тарасенкі і іншых супрацоўнікаў і валанцёраў «Вясны» і забяспечыць іх права на сродак прававой абароны ад незаконнага пераследу

«Вясна», заснаваная ў 1996 годзе, з'яўляецца вядучай праваабарончай групай у Беларусі. Яна актыўна адсочвае і дакументуе парушэнні правоў чалавека, учыненыя пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. На працягу ўсяго свайго існавання «Вясна» сутыкалася з прыгнётам і ўмяшаннем з боку беларускіх уладаў. У 2003 годзе ўлады скасавалі рэгістрацыю арганізацыі, і нягледзячы на шматлікія спробы перарэгістрацыі «Вясна» была вымушаная працягваць сваю дзейнасць без афіцыйнай рэгістрацыі. У 2011 годзе старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі на абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і адбыў амаль тры чвэрці свайго тэрміну, пакуль у 2014 годзе не быў вызвалены паводле амністыі.

Апошнія навіны