BE RU EN

Удар па тытунёвай вытворчасці вельмі адчувальна адаб'ецца на бюджэце Беларусі

  • 15.09.2021, 20:47

Санкцыі набіраюць абароты.

Кампанія British American Tobacco спыніла супрацоўніцтва з Гарадзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман».

Такая пастанова была прынятая праз паведамленні аб парушэнні правоў чалавека і санкцый супраць некаторых кампаній Беларусі, паведамляецца на сайце кампаніі.

Дагэтуль гарадзенская фабрыка на замову BAT вырабляла для беларускага рынку цыгарэты вядомых брэндаў - Rothmans, Lucky Strike, Pall Mall і іншыя.

Удар па асцярожнаму аптымізму

ГТФ «Нёман» уваходзіць у склад «Белдзяржхарчпрам». У канцы жніўня кіраўнік канцэрна Анатоль Бубен распавёў пра тое, як санкцыі закранулі тытунёвую галіну. Між іншым, гаворка ішла пра забяспечанасць гарадзенскай фабрыкі сыравінай, піша «Салідарнасць».

З ягоных слоў, сыравінай фабрыка забяспечана мінімум да кастрычніка-лістапада:

- Дырэктары абяцаюць, што мы дапрацуем да канца года без праблем. А за гэты час мы знойдзем новыя рынкі для пастаўкі (сыравіны).

Таксама з расповеду чыноўніка стала вядома, што праз санкцыі давялося замяняць ранейшых вытворцаў араматызатараў, некаторыя функцыі ў афармленні цыгарэт зараз выконваюць расейскія фірмы замест нямецкіх.

Агулам жа некалькі тыдняў таму словы кіраўніка канцэрна аб тытунёвай галіне гучалі досыць аптымістычна:

- Што выраблялі, то і працягваем вырабляць, куды прадавалі, туды і прадаём.

Пад санкцыямі

Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», а таксама створаная нядаўна кампанія «Інтэр Табака» ў жніўні сёлета трапілі пад санкцыі ЗША.

«Інтэр Табака» належыць блізкаму да ўладаў бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, які атрымаў ад дзяржавы беспрэцэдэнтныя правы на продаж тытунёвых вырабаў, а таксама стварэнне сеткі гандлёвых пунктаў «Табакерка».

Паводле звестак кампаніі «Энэрга-Оіл», якая належыць Алексіну, прадпрыемства валодае 40% унутранага тытунёвага рынку, у яе актыве звыш 10 тысяч гандлёвых пунктаў па ўсёй краіне.

З кім яшчэ супрацоўнічаюць беларускія тытунёвыя фабрыкі

Акрамя British American Tobacco гарадзенская фабрыка супрацоўнічала з кампаніяй Tobacco International Enterprises Limited

Фабрыка вырабляе прадукцыю на абсталяванні вядучых сусветных вытворцаў: «Hauni Maschinenbau AG» і Focke&CoGmbh&CoKG (Нямеччына), «G.D.S.p.A» (Італія).

Тытунёвая сыравіна ў Горадні паступае з 20 краін свету, на сайце названыя некаторыя з вядомых сусветных пастаўшчыкоў: ад «Premium Tobacco Int DMCC» (ААЭ), да швейцарскай «Alliance One International AG».

Пастаўшчыкамі нетытунёвага матэрыялу (ад паперы да кляёў і араматызатараў) з'яўляюцца кампаніі з Чэхіі, Італіі, Нямеччыны, Францыі, Грэцыі, Аўстрыі і іншых еўрапейскіх краін.

Фабрыка супрацоўнічае і з беларускімі прадпрыемствамі, якія пастаўляюць паперу.

Прыведзены вышэй спіс замежных партнёраў ГТФ «Нёман» красамоўна паказвае, наколькі прадпрыемства залежыць ад таго, як будуць далей развівацца падзеі. Можна толькі ўявіць сабе, з якімі складанасцямі сутыкнецца фабрыка, калі прыкладу British American Tobacco рушаць услед іншыя партнёры «Нёмана».

Некалькі лічбаў

Для разумення таго, чым для бюджэту краіны могуць абярнуцца праблемы ў тытунёвай галіне, прывядзём некалькі лічбаў.

У I квартале 2021 года сума выплачаных плацяжоў у бюджэт вытворцаў тытунёвых вырабаў перавысіла 438 млн рублёў, паведамляе «Кошт урада». Для параўнання: нафтаперапрацоўка прынесла бюджэту 275,1 млн рублёў.

Паводле звестак партала, у 2020-м сума плацяжоў у бюджэт ад усіх беларускіх вытворцаў тытунёвых вырабаў склала 1699 млн руб. Для параўнання: «Газпром трансгаз Беларусь» пералічыў у бюджэт 1645 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны