BE RU EN

У Еўрапарламенце прапануюць ЕЗ не прызнаваць выбары ў Дзярждуму РФ

  • 15.09.2021, 15:39

Расейцы павінны мець сапраўднае права выбару.

У праекце справаздачы аб будучай стратэгіі стасункаў ЕЗ з Расеяй, якую Еўрапарламент плануе зацвердзіць у сераду, дэпутаты заклікаюць ЕЗ быць гатовым не прызнаваць расейскі парламент, калі выбары ў яго на гэтым тыдні будуць прызнаныя фальсіфікаванымі.

Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».

«ЕЗ павінен быць гатовы не прызнаваць парламент Расеі і разгледзець пытанне аб выключэнні Расеі з міжнародных арганізацый з парламенцкімі асамблеямі, напрыклад, з Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, калі парламенцкія выбары 2021 года ў Расеі будуць прызнаныя несумленнымі і праведзенымі з парушэннем дэмакратычных прынцыпаў і міжнароднага права», - гаворыцца ў дакуменце.

«Людзі ў Расеі павінны мець права выбару, як і людзі ў кожнай іншай дэмакратычнай краіне. Калі ключавыя гульцы апазіцыі і праціўнікі расейскай кіроўнай партыі знаходзяцца ў турмах ці пад хатнім арыштам, тады выбару няма.

Рэпрэсіі Крамля ў дачыненні да ўсіх кандыдатаў ад апазіцыі, свабодных СМІ ці НДА падрываюць легітымнасць і справядлівасць выбараў. Мы паўтараем, што неабходна вызваліць лідара апазіцыі Аляксея Навальнага, а таксама ўсіх, хто падтрымліваў яго падчас мірных акцый пратэсту», - заявіў аўтар справаздачы Андрус Кубілюс.

У справаздачы адзначаецца, што ЕЗ варта супрацоўнічаць з Масквой у пытаннях, што ўяўляюць агульны інтарэс, такіх як кантроль над узбраеннямі, будаўніцтва міру, глабальная бяспека або змяненне клімату. Такое супрацоўніцтва, аднак, павінна быць строга абумоўленае гатоўнасцю Крамля выконваць правы чалавека і міжнароднае заканадаўства.

Апошнія навіны