BE RU EN

У ЗША выставілі сур'ёзныя абвінавачванні на адрас кіраўніцтва Расеі

  • 15.09.2021, 15:18

Крэмль бяздзейнічае ў дачыненні да кіберзлачынцаў.

Папярэджанні ЗША з нагоды ўкрывальніцтва кіберзлачынцаў у Расеі, зробленыя прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, відавочна, не падзейнічалі належным чынам, мяркуюць высокапастаўленыя прадстаўнікі праваахоўных органаў і службаў кібербяспекі ЗША, паведамляе «Голас Амерыкі».

«Няма ніякіх прыкмет таго, што расейскі ўрад ужыў захады для спынення дзейнасці суб'ектаў, што выкарыстоўваюць праграмы-вымагальнікі, якія дзейнічаюць у асяроддзі патурання, якое там створанае», - заявіў намеснік дырэктара ФБР Пол Эбейт падчас выступу на саміце выведвальных службаў пад Вашынгтонам.

«Мы прасілі аб дапамозе і супрацоўніцтве ў дачыненні да тых, хто, як мы ведаем, знаходзіцца ў Расеі, супраць каго ў нас ёсць абвінаваўчыя заключэнні, і мы не ўбачылі ніякіх дзеянняў, - сказаў Эбейт. - Так што я б сказаў, што ў гэтым плане нічога не змянілася».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн двойчы заклікаў расейскага лідара ўжыць захады супраць кіберзлачынцаў, якія дзейнічаюць з Расеі - спачатку на саміце ў Жэневе ў чэрвені, а месяцам пазней у тэлефоннай размове.

Пасля першых перамоваў высокапастаўленыя супрацоўнікі Белага дома адзначылі зніжэнне колькасці нападаў з выкарыстаннем праграм-вымагальнікаў, але не наважваліся звязаць гэтыя змены з якімі-небудзь дзеяннямі Масквы.

«Цяперашнюю адсутнасць крымінальнай актыўнасці не варта блытаць з цвёрдым навядзеннем парадку, - заявіў нацыянальны дырэктар у кібербяспецы Крыс Інгліс пазней у аўторак.

«Ёсць адчуванне, што мы можам выпусціць некалькі кіберпуль і вырвацца з гэтай сітуацыі. Гэта будзе карысна ў пэўных абставінах, калі мы можам вырабіць дакладны стрэл па кіберагрэсару і выбіць яго з сеткі, - сказаў Інгліс. - Гэта ніяк не адаб'ецца на кіраўніцтве, якое патурае гэтаму».

Крэмль неаднаразова адмаўляў сваё дачыненне да серыі нападаў з ужываннем праграм-вымагальнікаў і кібератак супраць амерыканскіх кампаній і інфраструктуры.

ЗША абвінавацілі Расею ці суб'екты, якія базуюцца ў Расеі, у серыі гучных нападаў, уключаючы хакерскую атаку на амерыканскага распрацоўніка праграмнага забеспячэння SolarWinds у снежні 2020 года і атаку на найбуйнейшага аператара палівапровадаў у ЗША, кампанію Colonial Pipeline, 7 траўня.

У адказе на пытанне, ці дайшлі ЗША да таго пункту, калі яны гатовыя ўжыць захады супраць Расеі, кіраўнік Кібернетычнага камандавання ЗША заявіў, што ён спадзяецца на Белы дом у гэтым пытанні.

«Відавочна, што гэта вызначаць прэзідэнту, - сказаў генерал Пол Накасоне. - Але такія варыянты, безумоўна, будуць пададзеныя яму на разгляд».

Апошнія навіны